Расійскія Z-паблікі паведамляюць аб стральбе ў Курскай і Белгародскай абласцях
Легіён "Свабода Расіі"
У раёне пасёлка Цёткіна Курскай вобласці ідзе стралковы бой, паведамляе расійскі Z-паблік "Старэйшы Паграннарада". Паводле яго звестак, "пад артылерыйскі абстрэл з боку ВСУ трапіў" і пункт пропуску Нехацееўка ў Белгарадскай вобласці. "Падраздзяленні МА РФ актыўна вядуць контрбатарэйную барацьбу. Працуюць па выяўленых мэтах", — піша гэтая крыніца.
Пра тое, што ў Белгарадскім памежжы супернік пайшоў у атаку, пішуць і іншыя расійскія Z-паблікі. Рэсурс "Старше Эдды" сцвярджае, што "нашы ўсё бачаць і знішчаюць суперніка". Расійскія ваенкар Сямён Пегоў таксама паведамляе, што "разам са спробай арганізацыі штурмавых дзеянняў у Белгарадскім прыграніччы, неанацысцкія групоўкі таксама паспрабавалі пракрасціся на тэрыторыю Курскай вобласці". Паводле яго даных, тут "атака разгарнулася ў раёне населенага пункта Цёткіна, сапернік заходзіў да нашых пазіцый з трох напрамкаў, быў заўважаны, знішчаны і адкінуты назад".
Апазіцыйны расійскі палітык Ілля Панамароў сцвярджае, што ў Курскую і Белгарадскую вобласці РФ у рамках сумеснай аперацыі зайшлі легіён "Свабода Расіі", РДК ("Рускі добраахвотніцкі корпус) і Сібірскі батальён, гэта аб'яднанні, якія ваююць на баку Украіны.
"Прымежная Лазавая Рудка ў Белгарадскай вобласці цалкам пад кантролем вызваленчых сіл. У Цёткіна Курскай вобласці зараз ідзе стралковы бой", — сцвярджае Панамароў. У сеціве таксама з'явілася паведамленне прадстаўніка легіёна "Свабода Расіі", у якім ён заявіў, што "мы ідзем, каб вызваліць вас ад галечы, беднасці і дыктатуры". Таксама легіён апублікаваў відэа, на якім, як сцвярджаецца, байцы фармавання перасякаюць мяжу РФ.
У ГУР Украіны заявілі, што не маюць дачынення да гэтай аперацыі. Па словах прадстаўніка ўкраінскай разведкі Андрэя Юсава, РДК, легіён "Свабода Расіі" і Сібірскі батальён дзейнічаюць як "самастойныя падраздзяленні". Яны "складаюцца з грамадзян РФ, яны ў рэшце рэшт знаходзяцца ў сябе дома".
"Верагодна, зараз адбываецца сумесная аперацыя гэтых падраздзяленняў на тэрыторыі так званай РФ", — заявіў Юсаў у каментары 24 Каналу.
Нагадаем, раней сёння аб нападзе беспілотнікаў паведамілі кіраўнікі сямі рэгіёнаў Расіі. У Арле і Ніжагародскай вобласці гарэлі НПЗ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.