Расія адновіць авіязносіны з Грузіяй, "калі русафобія спыніцца"

У Расіі могуць перагледзець рашэнне аб спыненні авіязносін з Грузіяй. Пра гэта са спасылкай на дыпламатычную крыніцу піша "Коммерсант".

"Павінная быць паслядоўнасць крокаў. Калі ў Грузіі сітуацыя нармалізуецца, русафобія спыніцца, будуць гарантыі бяспекі нашых грамадзян, можна будзе казаць пра авіязносіны", — сказаў суразмоўца выдання ў МЗС Расіі. Наступным крокам можа быць адмена візавага рэжыму для грузінскіх грамадзян. Па звестках "Коммерсанта", гэтае пытанне было прапрацаванае і гатовае да прыняцця да пагаршэння адносін паміж краінамі. Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну заставалася толькі падпісаць адпаведны ўказ.

"Коммерсант" адзначае, што размовы аб магчымым аднаўленні авіязносін паміж Расіяй і Грузіяй пачаліся пасля таго, як Пуцін выступіў супраць увядзення санкцый у дачыненні да Грузіі, а таксама пасля стрыманай рэакцыі Крамля на абразлівыя выказванні ў адрас расійскага лідара з боку журналіста Георгія Габуніі ў эфіры тэлеканала "Руставі-2".

Указ, які забараняе расійскім авіякампаніям выконваць перавозкі на тэрыторыю Грузіі, уступіў у сілу 8 ліпеня. Таксама расійскі Мінтранс паведамляў, што грузінскія авіякампаніі з гэтага ж дня часова не змогуць лётаць у Расію. У міністэрстве растлумачылі, што такія меры неабходныя для дастатковай авіяцыйнай бяспекі, піша пра гісторыю канфлікту "Новая газета".

Нацыянальны аэрапорт "Мінск" на час канфлікту паміж Расіяй і Грузіяй мог бы стаць транзітным паміж Масквой і Тбілісі. Але колькасць авіярэйсаў паміж Беларуссю і Грузіяй не змянілася. Самалёты "Белавія" штодня лётаюць з Мінска ў Тбілісі, Батумі і назад — як і да канфлікту паміж Расіяй і Грузіяй. У прэс-службе "Белавіі" Еўрарадыё днямі паведамілі, што пакуль не ведаюць, ці будуць адкрытыя новыя рэйсы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі