Расія ўжо тры месяцы не выкарыстоўвае Крымскі мост для дастаўкі ваенных грузаў

Крымскі мост 

Крымскі мост  / Reuters

Па Крымскім мосце апошнія тры месяцы амаль не ходзяць ваенныя грузавыя чыгуначныя саставы. Расія не выкарыстоўвае мост для перамяшчэння вайсковых грузаў. На гэта звярнула ўвагу брытанская газета Independent пасля аналізу спадарожнікавых здымкаў.

"Аналіз спадарожнікавых здымкаў паказвае, што на мосце практычна няма руху, і, такім чынам, ён можа перастаць быць эфектыўнай ваеннай мэтай для ўкраінскіх войскаў", — піша Independent.

Апошні грузавы цягнік, які ўдалося выявіць на здымках, быў заўважаны 29 лютага. У яго складзе было прыкладна 55 вагонаў з палівам. Ні ў сакавіку, ні ў красавіку на мосце не было ніякіх ваенных рухаў, сцвярджае агенцтва Molfar, якое грунтуецца ў Дняпры і спецыялізуецца на аналізе інфармацыі. Генеральны дырэктар Molfar Арцём Старасек расказаў выданню, што скарачэнне выкарыстання Керчанскага моста для вайсковых мэтаў супала з рэзкім ростам грузавых перавозак у Растоўскай вобласці. Старасек таксама адзначыў, што Расія цяпер пракладае новыя чыгуначныя лініі ў акупаваных Мелітопалі, Бярдзянску і Марыупалі на поўдні Украіны.

У сувязі з гэтым Independent мяркуе, што гэтая новая чыгуначная лінія можа быць выкарыстаная расійскімі войскамі для новага наступу, які, як чакаецца, можа пачацца летам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі