Расія забараніла ўезд у краіну прэм'еру Вялікабрытаніі Барысу Джонсану
Каля тыдня таму Барыс Джонсан наведаў Кіеў / @V_Zelenskiy_official
Прэм'ер Вялікабрытаніі Барыс Джонсан, а таксама яшчэ 12 высокапастаўленых брытанскіх чыноўнікаў у бліжэйшы час не змогуць наведаць Расію. Ім забаронены ўезд у гэтую краіну. Інфармацыя пра гэта з'явілася на сайце МЗС РФ.
Акрамя Джонсана уезд у Расію забаронены кіраўнікам брытанскіх МЗС Элізабэт Трас, Мінабароны Бэну Уолесу, міністру фінансаў Рышы Сунаку, кіраўніку МУС Прыці Пател, а таксама намесніку прэм'ер-міністра і міністру юстыцыі Дамініку Раабу і іншым.
Сваё рашэнне ў МЗС Расіі патлумачылі тым, што гэта зваротная рэакцыя "на развязванне Лонданам неўтаймаванай інфармацыйна-палітычнай кампаніі, накіраванай на міжнародную ізаляцыю Расіі, стварэнне ўмоў для стрымлівання краіны і задушвання айчыннай эканомікі".
Нагадаем, раней МЗС Вялікабрытаніі увёў дадатковыя санкцыі супраць Расіі. У брытанскі санкцыйны спіс трапілі меркаваныя дочкі Уладзіміра Пуціна Марыя Варанцова і Кацярына Ціханава, а таксама дачка кіраўніка расійскага МЗС Сяргея Лаўрова Кацярына Вінакурава. Дачкі Пуціна трапілі і ў санкцыйны спіс ЕС, які быў прыняты ў пачатку красавіка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.