Расіяніна накіроўваюць у беларускую калонію за 0,01 гр какаіну
Расіяніну прысудзілі 5 гадоў беларускай калоніі за 0,01 гр какаіну. 34-гадовага мужчыну прызналі вінаватым у незаконным захоўванні, перавозцы і перамяшчэнні праз мяжу наркатычнага рэчыва. Такое рашэнне вынес 11 студзеня суд Маскоўскага раёна Брэста.
Як паведамляе TUT.by са спасылкай на Брэсцкую транспартную пракуратуру, летась прадпрымальнік з Расіі, які жыве ў Маскоўскай вобласці, адпачываў у адной з краінаў Еўрасаюза. Ён вяртаўся дадому праз Беларусь на сваім аўтамабілі праз пункт пропуску “Брэст”. Падчас дагляду ў яго знайшлі прыкладна адну сотую грама какаіну. За гэта расіяніна затрымалі і завялі на яго крымінальную справу.
Абвінавачаны прызнаў сваю віну. Ён паведаміў, што за мяжой спажываў наркотыкі і перад тым, як прыехаць у Беларусь, “забыўся выкінуць” рэшткі.
Суд прызначыў яму пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а яго аўтамабіль коштам болей за 39 тысяч беларускіх рублёў, канфіскаваны як сродак здзяйснення злачынства.
Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны.