Расійскага гімнаста дыскваліфікавалі на год за літару Z на форме
Расійскага гімнаста Івана Куляка дыскваліфікавалі на год за літару Z на спартыўнай форме, паведамляе "Бі-Бі-Сі". У ёй у сакавіку ён з'явіўся на цырымоніі ўзнагароджання на этапе Кубка свету ў Досе. Як вядома, Z стала сімвалам агрэсіі Расіі супраць Украіны. 20-гадовы Куляк заваяваў бронзу. Побач з ім на цырымоніі быў спартсмен з Украіны, які заваяваў золата.
Міжнародная федэрацыя гімнастыкі правяло расследаванне інцыдэнта, па выніках якога і было прынята рашэнне пра дыскваліфікацыю. Дарэчы, пасля пачатку расійскай агрэсіі гімнастаў з РФ і так пазбавілі права выступаць на міжнародных спаборніцтвах. У выпадку, калі забарону адменяць, Іван Куляк усёроўна адбудзе ўвесь тэрмін дыскваліфікацыі.
Расійскі гімнаст павінен вярнуць атрыманыя ў Досе прызавыя — каля 500 долараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.