Дзярждума РФ прагаласавала за закон аб "фэйках" пра дзеянні расійскіх вайскоўцаў

Будынак Дзяржаўнай Думы РФ / РІА Новости
Будынак Дзяржаўнай Думы РФ / РІА Новости

Расійская Дзярждума аднагалосна падтрымала папраўкі ў расійскае заканадаўства, якія забараняюць "распаўсюд заведама ілжывай інфармацыі пра ўзброеныя сілы Расіі" і, у прыватнасці, пра так званую "спецыяльную ваенную аперацыю", паведамляе Інтэрфакс. Для тых, хто парушыць гэтую забарону — да прыкладу, назаве "спецаперацыю" вайной — прадугледжваецца пакаранне. Цяпер законапраект яшчэ павінен ухваліць Савет Федэрацый. 

Наколькі апублікаваная інфармацыя адпавядае рэчаіснасці, будзе вырашаць суд. Калі ён палічыць, што апублікаваная хлусня, то таму, хто агучыў гэтую інфармацыю, пагражае вялікі штраф (да 1,5 мільёнаў расійскіх рублёў) або пазбаўленне волі да трох гадоў, расказала пра законапраект ВВС.

Калі суд усталюе, што фэйкі стварыла арганізаваная група, службовыяі асобы або яны суправаджаюцца сфальсіфікаванымі доказамі, то вінаватым будзе пагражаць да 5-10 гадоў калоніі.  Калі ж "ілжывая", паводле версіі ўладаў і суда, інфармацыя пацягне цяжкія наступствы, то тэрмін магчымага зняволення павялічваецца да 10-15 гадоў.

Нагадаем, на гэтым тыдні ў Расіі зрабіліся недаступнымі для чытачоў і карыстальнікаў шэраг незалежных СМІ. У пачатку тыдня Раскамнагляд на патрабаванне Генеральнай пракуратуры заблакаваў сайты тэлеканала "Дождж" і радыёстанцыі "Эхо Москвы". Як патлумачылі расійскія ўлады, на гэты крок яны пайшлі, таму што гэтыя СМІ "мэтанакіравана і сістэматычна "публікавалі" заведама ілжывыя звесткі пра дзеянні расійскіх вайскоўцаў у рамках спецыяльнай аперацыі абароны ДНР і ЛНР"

У ноч на пятніцу ў Расіі перасталі адкрывацца сайты "Медузы", BBC, Deutsche Welle і "Радио Свободы", узніклі складанасці ў працы Facebook і Twitter.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі