У Расіі перасталі адкрывацца сайты "Медузы", DW і "Радыё Свабоды"
У Расіі блакуюць незалежныя медыя / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
У Расіі растуць праблемы з атрыманнем альтэрнатыўнай інфармацыі. У ноч на пятніцу часткова сталі недаступныя сайты Deutsche Welle і "Радыё Свабоды". Пра гэта паведамляе "Новая газета" са спасылкай на Globalcheck.
Акрамя таго, у часткі карыстальнікаў узніклі праблемы з выхадам на сайты выдання "Медуза" і ВВС, а таксама на старонку сацыяльнай сеткі Facebook. Даступнасць сайтаў DW, "Медузы" і ВВС у Расіі, паводле звестак Globalcheck, складае ўсяго 17%, Facebook — 37%, "Радыё Свабода" — 83%.
Нагадаем, у пачатку тыдні Раскамнагляд па патрабаванні Генеральнай пракуратуры Расіі заблакаваў сайты тэлеканала "Дождж" і радыёстанцыі "Эхо Москвы". "Эхо Москвы" тады яшчэ і адключылі ад эфіру. На думку расійскіх уладаў, гэтыя СМІ "мэтанакіравана і сістэматычна"публікуюць "загадзя ілжывыя звесткі аб дзеяннях расійскіх вайскоўцаў у рамках спецыяльнай аперацыі абароны ДНР і ЛНР". Іншымі словамі называюць расійскую "спецаперацыю" вайной.
У чацвер, 3 сакавіка, Савет дырэктараў "Эхо Москвы" прыняў рашэнне аб ліквідацыі медыя, а тэлеканал "Дождж" заявіў аб прыпыненні вяшчання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.