Расійскі тэлеканал "Дождь" аб'явіў аб часовым спыненні працы
Расійскі тэлеканал "Дождь" аб'явіў аб часовым спыненні працы. Прычына — у апошніх падзеях. 1 сакавіка сайт "Дождя" ў РФ быў заблакаваны на патрабаванне Генпракуратуры, якая пабачыла распаўсюд "непраўдзівых даных" пра ўдзел расійскіх войскаў у вайне ва Украіне.
"Нам патрэбныя сілы, каб выдыхнуць і зразумець, як працаваць далей, — кажа гендырэктар Наталля Сіндзеева. — Мы вельмі спадзяемся, што мы вернемся ў эфір і працягнем працу".
Пакуль жа прыпыненне працы закране і эфір, і трансляцыі на YouTube і ў сацыяльных сетках.
Тэлеканал вяшчаў з 2010 года. Летась яго аб'явілі ў Расіі "замежным агентам". "Дождь" асвятляў падзеі ў Беларусі, запрашаў у свой эфір прадстаўнікоў беларускай апазіцыі, экспертаў.
Таксама 3 сакавіка савет дырэктараў радыёстанцыі “Эхо Москвы” заявіў пра яе ліквідацыю. Напярэдадні Генпракуратура Расіі запатрабавала заблакаваць і яе сайт, Раскамнагляд адрэагаваў хутка. “Эхо Москвы” было адключана ад эфіру.
Такі кошт для недзяржаўных СМІ ў Расіі за тое, што называюць вайну ва Украіне вайной.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.