Расійскі бізнесовец вывучыў беларускую мову і стварае Музей шляхты! (фота)
Для гэтага Павел Падкарытаў набыў за 120 тысяч долараў сядзібу Падароск у Ваўкавыскім раёне.
Днямі бізнесовец сплаціў на рахунак Ваўкавыскага выканкама гэтую суму. Скарыстаўшыся ягоным прыездам у Беларусь, Еўрарадыё пагутарыла з гэтым незвычайным чалавекам — і спадар Павел адказваў па-беларуску, амаль без памылак. Павел Падкарытаў нарадзіўся ў Екацярынбургу, цяпер жыве ў Таліне, а вось ягоная бабуля паходзіць з Беларусі.
Павел Падкарытаў: “Мая бабуля нарадзілася ў Беларусі, на Віцебшчыне, у Чашніцкім раёне. Але яна рана з’ехала. Дзед быў з Поўначы, тут служыў у войску, потым працаваў на чыгунцы: і яго прызначылі ў Петразаводск, потым на Урал, так яны з’ехалі”.
Павел Падкарытаў
Хоць бабуля і выхоўвала Паўла, але да 2010 года ён не быў у Беларусі. Толькі чуў ад бабулі беларускія словы і разумеў, што гэта — адрознае ад рускага. Да беларушчыны спадар Павел прыйшоў у… турме.
Павел Падкарытаў: “У мяне былі пературбацыі, звязаныя з умовамі вядзення бізнесу ў Расіі. Была бізнес-вайна — і ўсе адпаведныя акалічнасці. Таму я меў такі вялікі адпачынак нявольны. Я меў магчымасць карыстацца інтэрнетам, выйшаў спачатку на “nn.by”, стаў гойсаць па іншых сайтах, замаўляць нейкія кнігі…”
Сядзіба Падароск, якую набыў спадар Павел
Брама сядзібы — самастойны твор архітэктуры!
Спадар Павел пачаў чытаць па-беларуску — і са здзіўленнем адкрыў, што большасць напісанага разумее!
Павел Падкарытаў: “Даслалі мне ARCHE… Першая кніга была “Дажыць да зялёнай травы” — перапіска Быкава з Барадуліным. Але я мусіў замовіць і слоўнік, бо праз 2-3 словы сустракаў не зусім зразумелыя. Стаў чытаць усё гэта. Зразумеў увесь стан, у якім уся беларуская справа знаходзіцца. Захацелася неяк дапамагчы”.
Так Павел Падкарытаў пазнаёміўся з Уладзімірам Арловым. Прапанаваў пісьменніку зрабіць пашыранае перавыданне ягонай дзіцячай кнігі “Адкуль наш род”, зладзіць іншыя супольныя праекты. У 2010 годзе ўпершыню наведаў Беларусь і, як кажуць, прыкіпеў. А ўлічваючы, што пасля вызвалення спадар Падкарытаў пераехаў з сям’ёй жыць у Талін — да Беларусі стала і зусім блізка. Пытаемся бізнесоўца, што ж яго так “торкнула” ў Беларусі.
Павел Падкарытаў: “Торкнула” — гэта якраз тое слова, якое я ўжыў, калі адказваў некалі на пытанне “Белсата”. Нешта “торкнула”! Гісторыя Расіі — яна вялікая, так. Але яна імперская, з пазіцыі сілы заўсёды. Але калі пачынаеш гэта вывучаць, бачыш, што ўся гэтая гісторыя звязана з гвалтам. Робіцца крыўдна за той бок, які спазнаў гэты гвалт. Беларусь была аб’ектам гэтага імперскага ціску. І гэта ўсё працягваецца — замоўчванне гісторыі, вялікіх персон...”.
Павел Падкарытаў з сынам
Абурае Паўла Падкарытава, калі новыя псеўдагісторыкі пачынаюць ачарняць Тадэвуша Касцюшку, Кастуся Каліноўскага ды іншых выбітных беларусаў.
Павел Падкарытаў: “Нам спрабуюць упарта даказаць, што гэта палякі, а не беларусы. Што беларусы не маюць ніякага дачынення да гэтага. Беларусам спрабуюць даказаць, што няма ў вас нічога, чым можна ганарыцца. Толькі ганчарнае рамяство і саломапляценне. Вы сяляне — і ўсё тут”.
Самастойнае вывучэнне гісторыі, сяброўства з Арловым і іншымі годнымі беларусамі хутка дало зразумець спадару Паўлу, што не толькі саломкай ды збанамі павінна ганарыцца радзіма ягонай бабулі.
Павел Падкарытаў: “Краіна замкаў” — можа, гэта і падштурхнула мяне да набыцця Падароску. Аддам усю сядзібу пад Музей беларускага шляхецтва. Там невялікае памяшканне, але ж і вялікі музей зрабіць складана. Каб паказаць, чым займалася шляхта, як бавілі час, як ваявалі, як жылі. Зрабіць сучасны музей, інтэрактыўны…”
Захапленне беларушчынай і вывучэнне сваіх беларускіх каранёў нават наштурхнулі Паўла Падкарытава ўзяць сабе прозвішча бабулі — Бераговіч.
Павел Падкарытаў: “Часам ужываю, так. Я прачытаў у Акуніна, што чалавек — такая істота, якая можа за жыццё некалькі разоў змяніць сваё аблічча. Шкада тых людзей, якія гэтага не разумеюць, не спрабуюць. Збег акалічнасцяў даў мне магчымасць паспрабаваць нейкае іншае аблічча. І прозвішча Бераговіч — так, гэта нешта іншае. У мяне ўжо ёсць такая электронная пошта, нехта мяне ўжо так называе…”