Расійскі філосаф — пра долю беларускага таксіста і акно ў даху
Расійскі філосаф і сувядоўца праграмы "Ідэя Х" на Еўрарадыё Максім Гаруноў весела апісаў у Facebook паездку на таксі ў Мінску. Атрымаўся невялікі, але кранальны тэкст пра цяжкую долю беларускага таксіста і акно ў даху старэнькага "Пежо".
"Саджуся ў таксі, — піша Гаруноў. — Гэта стары "Пежо" з панарамным акном на даху.
— О, у вас акно на даху!
Таксіст сумна:
— Ну так...
Едзем пару хвілін у цішыні. Таксіст сумна, нібы паведамляе навіну аб раптоўнай смерці кагосьці:
— Гэта жонка выбірала. Я нармальную машыну хацеў. Жонка ўбачыла дах і адразу "купі, будзем ноччу ездзіць за горад і глядзець на зоркі".
— З'ездзілі?
Яшчэ больш сумна.
— Якія зоркі ў Беларусі? Тут хмары заўсёды. За чатыры гады ні разу зорак не ўбачыў.
— Зусім ні разу?
Сумна маўчыць хвіліну.
— Ну, было раз. На возера з ёй ездзілі. Адны, без дзяцей. А так няма. Толькі хмары.
Зноў сумна маўчанне.
— А хмары летам? Аблокі летам прыгожыя.
— Хмары, так.
Сумна маўчым яшчэ хвілін пяць.
— Але летам часцей птушынае лайно бачу. Галубы нас..., а я з іх лайном над галавой езджу. Бывае, гляну праз акно на неба, а там галубінае лайно. Настрой сыходзіць.
Яшчэ пару хвілін едзем у сумнай цішыні.
— А цяпер у вас які настрой?
Асуджана паціскае плячыма і з паўзай:
— Бадзёры".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.