Расійскі палітык Валянціна Матвіенка атрымала ордэн Францыска Скарыны
Старшыня верхняй палаты расійскага парламента Валянціна Матвіенка ўзнагароджаная ордэнам Францыска Скарыны. Такі ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка напярэдадні 70-годдзя дзяржаўнай дзяячкі.
У дакуменце адзначана, што Матвіенка атрымала дзяржаўную беларускую ўзнагароду “за значны асабісты ўнёсак ва ўмацаванне дружалюбных адносінаў і развіццё супрацоўніцтва” паміж Беларуссю і Расіяй.
Валянціна Матвіенка як палітык заўсёды падтрымлівала расійскія ўлады і займала шэраг буйных дзяржаўных пасадаў. Яна таксама ўдзельнічала ў кампаніі па “далучэнні Крыма”: менавіта Матвіенка ў 2014 годзе сабрала Савет Федэрацыі на экстранае паседжанне, па выніках якога Уладзімір Пуцін атрымаў згоду парламента на ўвядзенне войскаў на тэрыторыю Украіны. За гэта яна трапіла пад санкцыі ЗША.
Раней ордэнам Францыска Скарыны часта ўзнагароджвалі расійскіх палітыкаў, а таксама дзеячаў шоўбізнэсу, напрыклад, Барыса Ельцына, Генадзя Зюганава, Мікалая Баскава, Філіпа Кіркорава і Надзею Бабкіну.