У Беларусі зробяць дзяржаўную ўзнагароду для супрацоўнікаў СМІ
Дзяржаўная прапаганда
Сярод узнагародаў Беларусі з'явіцца новае ганаровае званне "Заслужаны работнік сродкаў масавай інфармацыі".
Новае званне прадугледжанае зменамі ў закон "Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь". Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі гэты закон у другім чытанні 29 лістапада.
Атрымаць ганаровае званне змогуць тыя, хто працуе ў медыясферы больш за 15 гадоў. Адзначаецца, што гэта павінны быць "высокакваліфікаваныя работнікі юрыдычных асоб, якія маюць статус СМІ, дзяржаўных органаў і устаноў, і іншыя асобы, якія вядуць дзейнасць у сферы масавай інфармацыі".
Для атрымання дзяржаўнага звання патрабуюцца таксама "значныя заслугі ў развіцці дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, сродкаў масавай інфармацыі, павышэнні палітычнай культуры і сацыяльнай адказнасці грамадзян".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.