Расійскі віцэ-прэм'ер распавёў, калі ў РБ і РФ можа з'явіцца адзіная валюта
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмяркоўвалі інтэграцыйныя праграмы на нядаўняй сустрэчы ў Маскве / kremlin.ru
Для ўвядзення адзінай валюты Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі "павінны выспець умовы", заявіў віцэ-прэм'ер урада РФ Аляксей Авярчук. Пакуль пра гэта гаворка не ідзе. Але "калі на нейкім этапе інтэграцыі эканамічныя аператары дзвюх краін пачнуць адчуваць нязручнасці ад неабходнасці выкарыстання розных валют, то жыццё само ўсё расставіць па месцах",— заявіў ён у у інтэрв'ю"Расійскай газеце". Авярчук падкрэсліў, што цяпер у больш чым у 85% выпадкаў для ўзаемаразлікаў паміж дзвюма краінамі выкарыстоўваюцца нацыянальныя валюты. Пры гэтым ён не ўдакладніў долі расійскага і беларускага рубля ў гэтых узаемаразліках.
Расійскі чыноўнік таксама сказаў, што дзякуючы Саюзнай праграме па інтэграцыі нацыянальных сістэм плацежных карт Беларусь і Расія больш не залежаць ад міжнародных плацежных сістэм. "Карты "Мір" і "Белкарт" упэўнена можна выкарыстоўваць у абедзвюх краінах", — сказаў ён. А сістэма перадачы фінансавых паведамленняў Банка Расіі, з ягоных слоў, "фактычна замяніла SWIFT і стала асноўным каналам абмену фінансавай інфармацыяй".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.