Беларусь разлічвае на дапамогу Расіі ў рэфінансаванні даўгоў
У міністэрстве фінансаў кажуць, што дамоўленасць паміж Лукашэнкам і Пуціным ужо дасягнута / president.gov.by
На новыя расійскія крэдыты ў беларускім урадзе пакуль не разлічваюць, але спадзяюцца на расійскую дапамогу з рэфінансаванне старых даўгоў. Пра гэта заявіў міністр фінансаў Беларусі Юрый Селівёрстаў у інтэрв'ю Беларускаму тэлебачанню.
Ён нагадаў, што больш за 70% запазычанасці Беларусі прыпадае на расійскіх крэдытораў. Праз санкцыі "выйсці на еўрапейскі рынак і ажыццяўляць запазычанні там у нас не атрымаецца", адзначыў Селівёрстаў. Прыйдзецца дамаўляцца з "калегамі з Расіі".
Па словах міністра, дамоўленасць ужо дасягнута, цяпер гаворка ідзе аб тэхнічнай працы. Чыноўнікам трэба будзе аформіць даручэнні Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў дакументы.
Новыя запазычанні калі і разглядаюцца, то для падтрымання бюджэту. Ёсць "рашэнне, што мы можам займаць для бюджэту на расійскай фондавай біржы наўзамен тых вось еўрапейскіх інстытутаў, якія супраць нас прад'явілі санкцыі", адзначыў Селівёрстаў. Пры гэтым ён падкрэсліў, што і ў гэтым выпадку "ідзе гаворка не аб павелічэнні там запазычанняў, а аб рэфінансаванні тых даўгоў, якія ў нас ужо былі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.