Расійскія інвестары просяць свае ўлады абмежаваць крэдытаванне Беларусі

Мінск не гатовы выплачваць абавязацельствы па еўрааблігацыях у замежнай валюце

Мінск не гатовы выплачваць абавязацельствы па еўрааблігацыях у замежнай валюце / pixabay.com

Расійскія інвестары звярнуліся да сваіх уладаў з просьбай абмежаваць крэдытаванне Беларусі. Падставай сталі нявыплаты ў еўрааблігацыях, якія выпусціў Мінск, распавядае РБК.

Ініцыятарам звароту стаў Аляксандр Марчанкаў. Раней ён ужо падаў на беларускі Мінфін пазоў у Масгарсуд. У лісце, які ён адрасаваў намесніку міністра эканамічнага развіцця Расіі Дзмітрыю Вольвачу, гаворыцца, што Марчанкаў прадстаўляе ініцыятыўную групу інвестараў — 200 фізічных асоб і 30 арганізацый. Ім належаць беларускія еўрааблігацыі на суму больш за $200 млн. Выплаты па еўрабондах яны не атрымліваюць з пачатку лета 2022 года — пасля таго як Citibank адмовіўся абслугоўваць беларускія еўрааблігацыі і праводзіць выплаты па іх.

Аўтары звароту просяць Мінэканамразвіцця "прыняць меры для хутчэйшага выканання Беларуссю сваіх абавязацельстваў перад усімі расійскімі інвестарамі". А да выканання абавязацельстваў "прызнаць Міністэрства фінансаў Беларусі нядобрасумленным пазычальнікам і абмежаваць для яго доступ на рынак капіталу Расіі". Акрамя таго, Марчанкаў ад асобы інвестараў просіць "разгледзець магчымасць абмежавання міждзяржаўнага крэдытавання Беларусі з боку Расіі да поўнага ўрэгулявання запазычанасці перад расійскімі інвестарамі". Такія ж звароты інвестар накіраваў у Міністэрства фінансаў Расіі і Беларусі, а таксама ў Банк Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі