Разам з удзельнікамі гурта Litesound затрымалі і іх бацькоў

Дзмітрый і Уладзімір Каракіны з бацькамі / @by_culture
Дзмітрый і Уладзімір Каракіны з бацькамі / @by_culture

Разам з музыкамі з гурта Litesound у кастрычніку 2022 года затрымалі і іх бацькоў. Пра гэта стала вядома @by_culture. У ІЧУ павезлі ўсю сям'ю: братоў Дзмітрыя і Уладзіміра Каракіных, а таксама іх маці Вольгу і бацьку Юрыя. Раней было вядома пра затрыманне толькі саміх музыкаў.

Падчас ператрусу сілавікі разграмілі дом сям'і, пра гэта таксама стала вядома праваабаронцам. У бацькі музыкаў у ІЧУ здарыўся інсульт. Цяпер ён дома. Браты і маці застаюцца ў СІЗА на Валадарскага. Як мяркуецца, суд над усімі чатырма адбудзецца ў канцы студзеня.

Сям'ю абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах у 2020-м годзе. Справа распачатая па арт. 342 КК РБ “Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх". Падставай для крымінальнага пераследу стала сямейная фатаграфія, дзе музыкі з бацькамі знаходзяцца на праезнай частцы падчас аднаго з мірных нядзельных маршаў 2020-га.

Праваабаронцы прызналі братоў Каракіных палітвязнямі. Нагадаем, у 2012-м група Litesound прадстаўляла Беларусь на Еўрабачанні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі