Re1ikt: “Самая атмасферная музыка — гэта яе адсутнасць”
У народным інтэрв’ю альт-рокеры распавялі пра дзіцячыя мары, крыніцы натхнення, наркаманаў у Светлагорску і свой першы канцэрт.
Прыхільнікі гурта Re1ikt завалілі сваіх куміраў пытаннямі, на якія Уладзімір Казлоў і Аляксандр Дземідзенка адказалі ў студыі Еўрарадыё.
“У першым класе мяне не ўзялі ў хор… А ўзялі суседа, які цяпер працуе інжынерам”
Вы робіце экскурсіі па вашым мінулым для прыхільнікаў гурта [наступная — 10 чэрвеня ў клубе “Графіці”. — Заўв. Еўрарадыё]. Чаму вас прабрала на настальгію?
Аляксандр Дземідзенка: Напэўна, таму, што мы рыхтуем новы альбом і стаім перад новым этапам. Адпаведна, у такі момант азіраешся на мінулае, пачынаеш узгадваць, што было раней, прыпамінаеш музыкаў, якія гралі ў гурце, рэпетыцыйныя кропкі, на якіх ствараліся песні, праглядаеш фоткі. Такім чынам хочацца бліжэй пазнаёміцца з нашымі прыхільнікамі.
Цікава, кім вы хацелі стаць у дзяцінстве? Ці спраўдзіліся тыя мары?
Уладзімір Казлоў: Ніколі не прыгадваў гэта. Аднак памятаю, што ў дзіцячым садку я заўжды спяшаўся хутчэй за ўсіх паесці, бег у залу, дзе адбываліся розныя дзіцячыя гульні, клаўся на падлогу і спяваў: “Не сыпь мне соль на рану”. Але кім хацеў быць — не памятаю. Я і цяпер не ведаю, кім хачу быць.
Аляксандр Дземідзенка: Ну ты даёш! А я хацеў быць баскетбалістам. Займаўся ў спартовай секцыі па баскетболе, ведаў розных баскетбалістаў, збіраў налепкі. А яшчэ памятаю свае першыя музычныя эксперыменты. Мая мама працуе выхавацелькай у дзіцячым садку. І я часам чакаў яе ў зале з музычнымі інструментамі — цымбаламі ды фартэпіяна. Я там сядзеў і брынчаў. А на фартэпіяна я і цяпер граю прыкладна так, як у дзяцінстве. Дарэчы, у першым класе мяне не ўзялі ў хор. Сказалі, што ў мяне няма музычных схільнасцяў. А ўзялі суседа, які цяпер працуе інжынерам (смяецца).
А калі прыгадаць юнацтва? Што спявалі ў пад’ездах?
Уладзімір Казлоў: Натуральна, што зімой больш не было куды падацца. Даводзілася тусавацца ў пад’ездзе. Нас было шмат. Мы сядзелі на дыванках і баяліся, што адчыняцца дзверы і зойдуць дарослыя ці п’яныя, неадэкватныя гопнікі.
Аляксандр Дземідзенка: Ці бацькі дамоў загоняць.
Уладзімір Казлоў: А гралі, што заўгодна — і Цоя, і “Гражданскую оборону”, і Metallica, і Nirvana. Усё на свеце!
Аляксандр Дземідзенка: А мы спявалі яшчэ “Афганистан, Афганистан” (смяюцца). Мы мелі спеўнікі. Вось якія там былі песні з акордамі, тыя і спявалі. Нават калі песню ніколі не чулі — імправізавалі.
“Людзі глядзелі на музыкаў, задраўшы галаву”
На канцэрты якіх гуртоў вы хадзілі, калі жылі яшчэ ў Светлагорску?
Аляксандр Дземідзенка: “ДДТ” прыязджалі ў 2005 годзе, было 7 тысяч чалавек. Мы хадзілі.
Уладзімір Казлоў: А ўвогуле, я заўжды хадзіў на рок-канцэрты светлагорскага Рок-клуба. На іх выступаў гурт Re1ikt, а таксама светлагорскія ветэраны “Органы сна” і мінчукі Happy Face.
Аляксандр Дземідзенка: А Happy Face тады лічыліся лідарамі гранж-плыні Беларусі. І мы проста свяціліся ад шчасця граць з імі на адной сцэне. І дарэчы, падчас гэтага канцэрта нам далі прыз — 2 скрыні піва!
Аляксандр Дземідзенка: Гэта быў наш першы канцэрт.
Уладзімір Казлоў: Там было неяк дзіўна ўсё расстаўлена: на першым паверсе стаялі людзі. А на другім — гралі музыкі. І людзі глядзелі на музыкаў, задраўшы галаву. А мне тады Re1ikt не падабаўся. Я тады слухаў рэп (смяецца).
Аляксандр Дземідзенка: А я памятаю фестываль “Спідабойка”. І там гралі IQ48 яшчэ з Фрэйдам. Гэта 2000 год, здаецца. І людзі крычалі: “Рэп — кал!” Людзі былі не гатовыя да нечага, не падобнага на рок.
А памятаеце свой самы кранальны канцэрт?
Уладзімір Казлоў: Гэта быў Дзень горада ў Светлагорску ў 2008 годзе. Набярэжная. Страшэнная непагадзь. І 15 чалавек пад сцэнай. Гэта быў наш апошні канцэрт са старым складам. Пасля яго нашы шляхі са светлагорскімі хлопцамі разышліся.
Аляксандр Дземідзенка: 2008! Як учора было!
Пра наркаманаў, кнігі, камп’ютарныя гульні і артыкулы Харэўскага
Як так адбылося, што вы не сталі наркаманамі ў Светлагорску?
Уладзімір Казлоў: Ну гэта, насамрэч, стэрэатыпы.
Аляксандр Дземідзенка: Гэта не пра нашу генерацыю, гэта больш пра сталых людзей ўзросту майго брата, напрыклад. Яму цяпер 35, ён нармальны чалавек пры сям’і ды дзецях. У яго ўсё добра. А вось яго аднакласнікаў у жывых ужо мала засталося. Нас гэта ўжо не закранула.
Якія літаратурныя перавагі ва ўдзельнікаў Re1ikt? Ці ўплываюць нейкім чынам уражанні ад чытання на вашу творчасць?
Уладзімір Казлоў: Натуральна, ёсць вельмі вялікі спіс літаратуры. Аднак з-за музыкі не стае часу добра і ўважліва чытаць. Быў час, калі я запар мог чытаць 4-5 кніг. Але кнігі найменш за ўсё ўплываюць на музыку.
Аляксандр Дземідзенка: А ў мяне — наадварот. Мая самая любімая кніга, якая ўплывае на мяне яшчэ з дзяцінства, гэта дзве часткі “Шляхціца Завальні” Яна Баршчэўскага. Я яе чытаў яшчэ ў першым класе, шмат чаго не разумеў, але мяне так захаплялі гэтыя лясы, таямніцы, валасы, якія крычалі на галаве! З той пары я нясу па жыцці атмасферу гэтай кнігі. Магу сказаць, што найбольшы ўплыў на стварэнне музыкі ці лірыкі гурта Re1ikt, што тычыцца мяне, робяць камп’ютарныя гульні. Напрыклад, я з’яўляюся вялікім прыхільнікам гульні Silent Hill. Вось яна ўплывае на Re1ikt. Ці серыял “Твін Пікс”. Ці артыкул Сяргея Харэўскага, як гэта адбылося з нашай новай песняй, якую яшчэ ніхто не чуў.
Якую музыку вы самі лічыце атмасфернай? Што можа ўнесці вас далёка-далёка?
Уладзімір Казлоў: Унесці далёка-далёка можа толькі аўтамабіль. Да бабулі ды дзядулі. А самая атмасферная музыка — я не жартую і не хлушу — гэта яе адсутнасць. Таму што ў вялікім горадзе Мінску пры рэгулярных канцэртах ды рэпетыцыях галава трашчыць ад розных гукаў. І калі я застаюся адзін дома і слухаю стук гадзінніка, я адпачываю.
Аляксандр Дземідзенка: А мая самая любімая атмасферная песня — гэта твор гурта Earth з альбма 1996 года, які мае назву “Крывая вось для струннага квартэта”. Вось гэты твор і падштурхнуў мяне ствараць музыку, якую мы робім у нашым праекце Re 123+. Асабліва для мяне, музыка — гэта вандроўка па часе і прасторы. Таму любая музыка можа ўносіць далёка-далёка.
Пра сумнага Вову, будучыя альбомныя цікавосткі і мужны крок
Вова, чаму вы заўсёды такі сумны? Гэта ваш сцэнічна-публічны вобраз? Ці ў жыцці вы таксама такі ж задуменны, сканцэнтраваны ці засмучаны?
Уладзімір Казлоў: О-ёй, якое цяжкае пытанне! Што тычыцца выступаў ці інтэрв’ю, я намагаюся трапна падбіраць словы, бо лічу, што словы сапраўды нясуць вельмі вялікую сілу. Мне цяжка шмат гаварыць. Можна часамі размаўляць, але гэтая энергетыка, сілы, якія ты аддаеш (мне не шкада іх, праўда), аднак гэта трэба рабіць з вялікай адказнасцю. Падчас выступаў я паглыбляюся ў музыку Re1ikt — яна сапраўды вельмі сур’ёзная і глыбокая. Ну, я інакш не ўмею.
Вы эксперыментуеце з беларускай фолк-музыкай. А ці ёсць у вас планы і задумы паспрабаваць запісаць нешта з жаночым вакалам? Можа, неяк спалучыць вашу музыку з традыцыйным выкананнем?
Аляксандр Дземідзенка: Так, будуць спробы. Пакуль мы запісалі толькі некалькі песень да новага альбома. Але не хочацца раскрываць адразу ўсе сюрпрызы — мы ж не ведаем, ці добра атрымаецца. Праўда, я думаю, што добра. Будуць вельмі цікавыя эксперыменты. Такія, якія яшчэ ніхто не рабіў!
Ці атрымліваецца ў вас зарабляць на жыццё сваёй творчасцю? Калі не, то як вы сумяшчаеце гастролі з працай? Што б хацелася змяніць у гэтым плане?
Аляксандр Дземідзенка: Зарабляць музыкай магчыма. І нават такой незвычайнай, прыгожай, класнай музыкай, як наша. Калі паставіць мэту — яе можна дасягнуць. Мы яшчэ не гатовыя да таго, каб зарабляць на жыццё толькі музыкай, бо для гэтага трэба шмат псіхалагічна працаваць самім з сабой. Дарэчы, набывайце дыскі, цішоткі, і вы наблізіце выхад нашага будучага альбома!
Пра натхненне і калег па цэху
Што вас натхняе?
Уладзімір Казлоў: Натхняюць складаныя сітуацыі ў жыцці. Калі адбываецца нешта сур’ёзнае і выбівае цябе са звыклай каляіны. Тады з’яўляюцца нейкія пачуцці, які вымушаюць нешта напісаць. А яшчэ натхняюць прастадушныя сябры і родныя краявіды Палесся, якія я ніколі не забуду, бо там нашы карані.
З кім вы марыце выступіць на адной сцэне?
Уладзімір Казлоў: Я б ні з кім не выступаў. Нам самім не хапае часу, каб найграцца. Я галодны да выступаў. Бо практычна паўсюль ёсць нейкія абмежаванні па часе. А мы б гралі і гралі.
Аляксандр Дземідзенка: Я б з радасцю выступіў са многімі музыкамі, але мне хочацца, як слухачу, не парушаць адлегласць да любімых выканаўцаў, бо можа парушыцца музычная магія. Таму мне нават размаўляць бы з любімымі музыкамі не хацелася.
Калі чакаць вашага новага альбома?
Аляксандр Дземідзенка: На “Басовішчы”, дзе мы сёлета маем выступіць, адбудзецца прэзентацыя некалькіх трэкаў з будучай пласцінкі. А сам альбом можна чакаць, думаю, пасля лета.
Апошняе фота: www.bnp.by