"Рэактар падрываць не будуць, але катастрофа магчымая": мясцовыя пра ЗАЭС

Расійскі ваенны на фоне другога і трэцяга энергаблокаў АЭС / Reuters
Расійскі ваенны на фоне другога і трэцяга энергаблокаў АЭС / Reuters

На Запарожскай АЭС замінаваная сажалка-ахаладжальнік, расказаў кіраўнік украінскай выведкі Кірыл Буданаў. Калі яна будзе знішчаная, адбудзецца ядзерная катастрофа.

Таксама Уладзімір Зяленскі казаў пра рызыкі тэракту на Запарожскай АЭС.

21 чэрвеня МАГАТЭ заявіла, што гендырэктар арганізацыі Рафаэль Гросі не заўважыў мінавання падчас візіту ў Энергадар. Праўда, быў ён на станцыі 15 чэрвеня. Пры гэтым МАГАТЭ вядома пра міны за перыметрам ЗАЭС.

Еўрарадыё даведалася ў чалавека, які знаходзіцца ў Энергадары, што адбываецца на АЭС, чаму сажалка-ахаладжальнік вельмі важная і як людзі працягваюць жыць пад акупацыяй.

 

Пакуль ёсць сажалка, ЗАЭС у адноснай бяспецы

Цяпер на Запарожскай АЭС усе энергаблокі выключаныя, але ўсё роўна патрабуюць астуджэння. Вада для сістэмы ахаладжэння на ЗАЭС паступала з Кахоўскай ГЭС. Пасля таго як дамба ГЭС была разбураная, узровень вады ў рэзервуары ЗАЭС знізіўся прыкладна да 14 метраў. Калі вада апусціцца ніжэй за 12,7 метра, ЗАЭС не зможа перапампоўваць ваду адтуль.

“Реактор взрывать не будут, но катастрофа возможна”: местные о ситуации на ЗАЭС
Вадаём прастакутнай формы — сажалка-ахаладжальнік побач з ЗАЭС. За ёй — Кахоўскае вадасховішча / google.com/maps

Акрамя таго, тэхнічнай вады, калі энергаблокі не працуюць, трэба няшмат.

— Спыненыя шэсць блокаў станцыі. Пяты толькі гарачым пакінуты. Некаторыя думаюць, што ён у працы, але насамрэч гэта проста гарачае спыненне. Так, патрэбная вада для астуджэння рэактараў, але не ў такой колькасці, як калі б яны працавалі на магутнасці. Не ведаю, што "Расатам" будзе рабіць. Яны ўзялі адказнасць, таму няхай думаюць.

 

“Рэактар ніхто падрываць не будзе”, але тэракт магчымы

На думку Міхаіла, расійскія войскі сапраўды могуць зладзіць аварыю на АЭС, калі будуць адступаць. Тут значную ролю адыгрывае сажалка-ахаладжальнік, пра мінаванне якой заяўляе Кірыл Буданаў. Яшчэ важная электраэнергія, якая дазваляе ахаладжальнай сістэме працаваць.

— Блокі падарваць складана. Сам рэактар ніхто падрываць не будзе. Але досыць падарваць АРП, то-бок адкрытую размеркавальную прыладу, або дамбу сажалкі-ахаладжальніка.

“Реактор взрывать не будут, но катастрофа возможна”: местные о ситуации на ЗАЭС
Прадстаўнік МАГАТЭ ля Запарожскай АЭС / Reuters

Паводле звестак Міхаіла, пакуль расійскія вайскоўцы размяшчаюць сваю тэхніку на тэрыторыі ЗАЭС, прыкрываючыся ёю як шчытом, бо ўкраінскія вайскоўцы не страляюць па станцыі.

Адносіны мясцовага персаналу з "Расатамам" складаныя, працягвае крыніца. Шмат хто адмаўляюцца працаваць пад кіраўніцтвам "Расатама". За гэта "людзей прэсуюць, прыходзяць з ператрусамі".

Яны [персанал ЗАЭС. — Еўрарадыё] наогул не павінны выконваць загады "Расатама" як спецыялісты, якія адносяцца да "Энергаатама". Эксплуатацыйшчыкаў станцыі [украінскіх. — Еўрарадыё] засталося вельмі мала.

"Расатам" спрабуе прыцягнуць сваіх прадстаўнікоў. Але іх нельга ўзяць і проста прывезці, таму што ў іх не будзе тады спецыялістаў [на расійскіх станцыях. — Еўрарадыё]. Вельмі мала такіх людзей.

У бытавым плане праблем асабліва няма, тым больш калі ёсць расійскі пашпарт, кажа суразмоўца. Некаторыя выходзяць з дому толькі па неабходнасці, напрыклад, па прадукты.

— У плане паесці — калі ласка, усё ёсць. Тут увялі сухі закон, то-бок моцнага спіртнога напою ты не купіш. Хіба што піва або сідр. У астатнім, калі грошы ёсць, то без праблем. Іншая справа, што... псіхалагічна гэта ўсё цісне. Летась у гэты час многія жылі на лецішчах. Цяпер туды немагчыма трапіць, таму што там зрабілі вайсковую базу, асабліва народ туды не пускаюць, — завяршае аповед Міхаіл.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі