Рэанімабіль ехаў да дзіцяці ў Нясвіж 4 гадзіны, бо вяртаўся з іншага выкліку
5 студзеня ў рэанімабілі па дарозе з Нясвіжа ў Салігорск памёр шасцімесяцны Арцём Грынкевіч. Напярэдадні хлопчыка, які жыў з бацькамі ў аграгарадку Сноў, шпіталізавалі з высокай тэмпературай, але ў нясвіжскай бальніцы яму стала горш. Дактары вырашылі перавезці яго ў аддзяленне рэанімацыі Салігорскай цэнтральнай раённай лякарні.
Але па словах маці Арцёма, рэанімабіля давялося чакаць каля чатырох гадзін. Увесь гэты час дактары аказвалі хлопчыку дапамогу ў нясвіжскай лякарні. Давезці яго да Салігорска не паспелі.
“Выязныя дзіцячыя рэанімацыйна-кансультатыўныя брыгады адмыслова размеркаваныя па краіне так, каб адусюль можна было і даехаць, і забраць, і перавезці. Тут пытанняў не было, — тлумачыць прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун. — Дзіцяці [Арцёму Грынкевічу. — Еўрарадыё] аказвалася дапамога ў рэанімацыі. Калі вырашылі, што трэба везці на больш высокі ўзровень, узялі рэанімабіль і паехалі. Рэанімабіль у той дзень аказваў дапамогу яшчэ аднаму дзіцяці. То бок, ён аказаў дапамогу аднаму і паехаў да іншага. Пытанне было не ў самой машыне”.
Як даведалася Еўрарадыё, у Беларусі адна дзіцячая рэанімацыя абслугоўвае некалькі раёнаў. Напрыклад, аддзяленне анастэзіялогіі і рэанімацыі дзіцячай бальніцы горада Маладзечна прымае маленькіх пацыентаў з Маладзечанскага, Валожынскага, Вілейскага і Мядзельскага раёнаў.
“Такая ж структура і ў іншых раёнах існуе, — распавядаюць у Дзіцячай лякарні горада Маладзечна. — Усе дзеянні нашага рэанімабіля ўзгадняюцца з Мінскай абласной дзіцячай клінічнай лякарняй. Калі мы не можам аказаць дапамогу ў сябе —можам везці наўпрост у туды”.
Рэанімабіль Бабруйскай гарадской дзіцячай бальніцы прывозіць дзяцей не толькі з Бабруйска і Бабруйскага раёна, але і з Кіраўска, Глуска, Асіповічаў і Клічава. А самая горшая сітуацыя, па нашай інфармацыі, — у Віцебскай вобласці. Тут трэцяму ўзроўню аказання рэанімацыйнай дапамогі (усяго іх чатыры) адпавядае толькі аддзяленне рэанімацыі дзіцячай абласной клінічнай бальніцы ў Віцебску. Абласны цэнтр размешчаны асіметрычна — на ўсходзе вобласці, таму даўжыня прабегу рэанімабіля дасягае 560 км у абодва бакі, а час транспартыроўкі можа скласці 4 гадзіны.
На пачатку кастрычніка у беларускіх медыкаў з’явілася магчымасць перавозіць пацыентаў верталётам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У авіяцыю МНС паступіў медыцынскі модуль. Экстраны бокс разлічаны на двух пацыентаў. Ён абсталяваны апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх, сістэмай дэфібрыляцыі, партатыўным шасціканальным электракардыёграфам.
Верталёт знаходзіцца ў стане 30-хвіліннай гатоўнасці і можа вылецець у любую кропку Беларусі.
“Але, калі будзе выкарыстоўвацца гэты модуль, вырашае толькі Міністэрства аховы здароўя. Ініцыятыва ідзе ад іх, яны даюць нам заяўку: нам патрэбны палёт у такі раён, у такі населены пункт. І мы, калі ёсць магчымасць, вылятаем, — распавядае Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі. — Яшчэ ніводнага падобнага палёту не было”.