Рэгістрацыя беспрацоўных у Беларусі стане больш жорсткай
Дэпутаты памянялі правілы ўліку занятых у эканоміцы
У Беларусі стануць больш жорсткімі правілы рэгістрацыі для беспрацоўных. Адпаведныя папраўкі прыняла ў першым чытанні Палата прадстаўнікоў.
Цяпер у статусе беспрацоўнага, як плануецца, можна будзе знаходзіцца толькі 12 месяцаў замест ранейшых 18. Праўда атрымліваць гэты статус можна будзе не толькі па месцы рэгістрацыі, але і па месцы фактычнага пражывання. Таксама з'явіцца магчымасць электроннай рэгістрацыі.
Пры гэтым занятымі не будуць лічыцца тыя, хто прадастаўляе паслугі па аграэкатурызме, і рамеснікі (іх будуць вызначаць як "тыя, хто займаецца індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасцю"), студэнты дзённай формы навучання (статус "навучэнец") і асобы, якія займаюцца "іншай не забароненай заканадаўствам дзейнасцю, якая прыносіць заробак".
У другім чытанні гэты законапраект прыме наступны склад дэпутатаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.