8 лютага прэзентуюць альбом “Прэс-фота Беларусі -- 2011”
У ім сабраныя фота пераможцаў аднайменнага конкурса.
Прэзентацыя пройдзе ў сталічнай галерэі “Ў” і пачнецца ў 19 гадзін. Весці імпрэзу будзе музыка і шоўмэн Зміцер Вайцюшкевіч, які пасля непрацяглай афіцыйнай часткі праспявае некалькі сваіх песень.
На прэзентацыі можна будзе набыць альбом з фота пераможцаў конкурса “Прэс-фота Беларусі -- 2011”, а таксама пабачыць саміх фатографаў. Усе, хто набудзе альбом на прэзентацыі, атрымаюць падарунак -- каляндар на 2012 год, праілюстраваны фотаздымкамі лаўрэатаў конкурса.
Альбом “Прэс-фота Беларусі” выходзіць другі год. Ён змяшчае здымкі пераможцаў аднайменнага конкурсу фатографаў, якія працуюць у сферы медыя. “Прэс-фота Беларусі” быў заснаваны ў 2009 годзе самімі фотарэпарцёрамі. Конкурс праводзіцца штогод, у ім удзельнічаюць супрацоўнікі як дзяржаўных, так і недзяржаўных СМІ. У 2011 годзе ў конкурсе ўдзельнічалі 72 аўтары, якія даслалі больш за 2000 прац.
Больш інфармацыі пра конкурс, альбом і каляндар можна знайсці на сайце конкурса pressphoto.by.