Akute просяць прыхільнікаў дапамагчы ў працы над EP

Цягам бліжэйшага месяца магілёўскі гурт Akute плануе прадставіць максі-сингл "Ihołki EP". Ён пазіцыянуецца, як працяг "Kroŭ EP", які папярэднічаў паўнафарматнаму альбому “Не існуе” выпушчанаму вясной гэтага года.

“Сінгл будзе свайго роду працягам "Kroŭ EP". На ім будзе некалькі версій загалоўнай песні, зробленых беларускімі электроншчыкамі, ужо гатовыя рэміксы ад магілёўскага праекта Pryzma і мінскага бітмэйкера Deech. Думаю, будуць яшчэ мінімум два цікавыя трэкі”, — распавядае бас-гітарыст Akute Раман Жыгараў.

Адзіная праблема будучага ЕР, гэта тое, што ён ніяк не можа атрымаць вокладку. Адкінуўшы некалькі варыянтаў дызайну, музыкі вырашылі звярнуцца па дапамогу да прыхільнікаў. Калі ваша фантазія сягае далей, чым у Akute, і вы ўяўляеце, як можа выглядаць вокладка да міньёна пад назвай "Ihołki EP" — спяшайцеся на дапамогу і дасылайце свае варыянты гурту на адрас [email protected] да 15 кастрычніка. Свае ідэі можна увасабляць у любой форме — малюнак, фота ці нешта іншае — галоўнае, каб art-work увасабляў ідэю загалоўнай песні і перадаваў стылістыку гурта.

Пераможца атрымае запрашальнік на бліжэйшы мінскі канцэрт Akute, які запланаваны на 3 лістапада і , вядома ж, сустрэнецца з музыкамі.

Што тычыцца сольнага канцэрту ў сталічным Re:public 3 лістапада, то музыкі называюць яго “вялікім справаздачным” і  абяцаюць, што усё прагучыць не горш, чым падчас разагрэву на мінскім канцэрце Placebo. Таксама гледачоў чакае прэм'ера як мінімум адной новай песні і іншыя сюрпрызы.

“Рыхтуем візуальны шэраг, думаем над праграмай і актыўна рэпетуем”, — распавёў пра падрыхтоўку да выступу вакаліст і гітарыст гурта Стас Мытнік.

У якасці госця, адкрые канцэрт мінскі гурт Avias, які нядаўна прэзентаваў на Еўрарадыё міні-альбом "Смецце", паслухаць які можна тут.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі