Алег Хаменка стане "заслужаным", калі пераможа на "Славянскім Базары"
Напярэдадні 20-годдзя гурта "Палац" Еўрарадыё высветліла, чаму беларускія рокеры дагэтуль не маюць ніводнага дзяржаўнага звання.
120419 Malina Zastuzhennye_0.mp3
Беларускі гурт "Палац" святкуе 20-годдзе на сцэне напрыканцы красавіка. Той узрост, калі музыкі ўзроўню Алега Хаменка ўжо “заслужаныя” ці “народныя”. Але дзе ж там! Еўрарадыё паспрабавала знайсці гэтаму прычыны.
"Народная любоў і дзяржаўная рэспектуха ніяк не суадносяцца. Лявон Вольскі ("Крамбамбуля")вельмі шмат зрабіў для Беларусі, ці Ігар Варашкевіч ("Крама") - проста легенда, ці чаму тая ж Іна Афанасьева дагэтуль не мае звання народнай артысткі, - здзіўляецца Алег Хаменка. - І ў той жа час "заслужаных" атрымалі дзяўчаты, якія, на мой погляд, не заўсёды дацягваюць на грамату ад якога фестывальчыку поп-песні. Гэтая незразумеласць, магчыма, мяне і чапляе, але, па вялікім рахунку, ўсё роўна".
Лідар гурта "Крама" ды фронтмэн "Крамбамбулі" даўно адсвяткавалі нават 25-гадовы сцэнічны юбілей, Аляксандр Кулінковіч (Neuro Dubel) 22 гады на сцэне. Жартам Алег Хаменка дадае, што ні кроплі не пакрыўджаны, маўляў, гэтае званне акрамя паперкі ўсё роўна нічога не дае.
Заслужаная артыстка Беларусі Іна Афанасьева пра карысць звання звычайна адказвае "чорным" жартам: цяпер можна карыстацца добрай паліклінікай, а пазней гарантаванае месца на могілках побач з "роўнымі". Пры гэтым спявачка шчыра ганарыцца званнем. Ну, а тое, што сярод прызнаных дзяржавай няма рокераў, яе зусім не здзіўляе.
"Заслужаныя" ды "народныя" дасталіся нам з савецкіх часоў, а тады рокеры ў прынцыпе не былі ў фаворы". Пры гэтым Іна Афанасьева прызналася, што з задавальненнем убачыла б ў спісе "заслужаных" ўсіх тых, каго паважае з юнацтва: "Крама", N.R.M., Neuro Dubel..."
Праўда, не толькі рокеры застаюцца без дзяржаўнага прызнання. Аляксандр Саладуха сёлета адсвяткаваў сцэнічнае 25-годдзе і з гэтай нагоды зараз у туры па Беларусі. Паўсюль аншлагі. Але дагэтуль афіцыйна не ўшанаваны.
"Мне падаецца я ўжо даўным даўно народны, - каментуе з усмешкай Аляксандр Саладуха. - Пра гэта ведае ўся краіна і далёка за яе межамі. У мяне няма ніякай крыўды абсалютна. Нумар адзін - гэта аншлагі на канцэртах, на стадыёнах, у лядовых палацах, палацах спорту. Я ніколі не пайду прасіць!"
Аляксандр лічыць сябе цалкам шчаслівым, плануе сабраць у 2014-м годзе "Мінск-Арэну", якую называе “беларускім Эверэстам для выканаўцаў”.
Як высветліла Еўрарадыё, каб атрымаць званне "заслужанага" ці "народнага" трэба, каб у Міністэрства культуры была пададзеная заяўка ад арганізацыі, дзе працуе музыка. Калі выканаўца не супрацоўнік дзяржаўнай структуры, то, фактычна, і званне атрымаць ён не можа. Больш за тое, паводле правілаў, "народнага" даюць не раней, чым праз пяць год пасля "заслужанага". А каб атрымаць "заслужанага", трэба не менш за дзесяць год прафесійна і паспяхова займацца творчасцю. Хоць бываюць і выключэнні.
Кандыдатуру самай маладой заслужанай артысткі Беларусі Алёны Ланской высоўваў прадзюсарскі цэнтр "Спамаш", пасля сямі год працы на прафесійнай сцэне і перамогі на "Славянскім базары". Што ж тычыцца ўваходу ў спіс заслужаных рок-музыкаў, то дзяўчына не ведае беларускіх гуртоў, вартых называцца заслужанымі, але і не адмаўляе іх існавання.
"Я не з'яўляюся прыхільніцай рок-музыкі, таму мне вельмі складана казаць што-небудзь на гэты конт, - каментуе Ланская. – Але, у любым выпадку, я лічу, што любы артыст, які ў першую чаргу зрабіў што-небудзь для сваёй краіны, прынёс нейкія ўзнагароды для сваёй краіны, цалкам мае права атрымаць званне заслужанага".
А вось для Інны Афанасьевай крытэрый на званне "заслужанай" ці "народнай" зусім іншы:
"Я толькі за, каб было больш і заслужаных і народных. Але яшчэ я і за тое, каб гэта былі тыя людзі, якіх ведаюць. Каб, калі называюць іх імёны, людзі ў зале не паварочваліся адзін да аднаго і не пыталіся: "А хто гэта?".
Сусветна вядомыя Red Hot Chili Peppers ды Guns'N'Roses былі адзначаныя на "Алеі славы рок-н-рола" толькі некалькі дзён таму! Бо незалежна ад узроўню музыкаў, іх папулярнасці, колькасці перамогаў у сусветных хіт-парадах ды узнагародаў "Грэмі" ні адзін калектыў не будзе там узгаданы, пакуль не пройдзе 25 год з моманту выдання першага альбома.
Праўда "Алею славы рок-н-рола" ніяк немагчыма параўнаць з беларускімі званнямі "заслужанага" ці "народнага". Хоць бы таму, што сёння ўсе канцэрты першых беларускіх рокераў адмяняюцца "таямнічымі званкамі зверху".
Вулічная апытанка да тэмы: Каму з беларускіх музыкаў вы б далі званне заслужанага ці народнага?
Фота: livejournal.com