Амбасада Польшчы: Не выключаем развіцця сітуацыі, як з амбасадай ЗША

— Ці з’ехаў ужо спадар амбасадар Лешак Шарэпка ў Варшаву? І ці можна атрымаць ад яго каментар з нагоды яго ад’езду “для кансультацый”?


— Пакуль яшчэ ён знаходзіцца тут, у Мінску. На жаль ці на шчасце, але мы пакуль не будзем нічога рабіць, проста не хочам каментаваць усяго таго, што здарылася. Мы не хочам яшчэ больш распальваць жарсці ў гэтай цяжкай, я не хачу гэтага хаваць, сітуацыі для ўсіх краін Еўрасаюза. Зараз мы чакаем, што скажа Варшава. Не выключана, што наш міністр замежных спраў нешта наконт гэтага скажа.


— Але я так разумею, што рашэнне з ад’ездам у Варшаву спадара амбасадара прынятае. Пытанне — калі?


— Так, ён паедзе. І ў самы бліжэйшы час.


— Ці можна чакаць, што спадар амбасадар вернецца ў Беларусь цягам бліжэйшых дзён, або гэта можа зацягнуцца?


— Развіццё сцэнара ў апошні момант (адкліканне сваіх амбасадараў з Мінска ўсіх краін-сябраў ЕС — Еўрарадыё) прымушае мяне думаць, што сітуацыя можа павярнуцца ў любы бок. Зразумела, у мяне ёсць спадзяванне, што амбасадары вернуцца — як вы ведаеце, гэта тычыцца не толькі амбасадара Польшчы — што ўсе амбасадары вярнуцца і сітуацыя вернецца да нармальнай. Наступіць нармалізацыя адносінаў Еўрасаюза і Беларусі. Што будуць вызваленыя ўсе палітзняволеныя і што амбасадары вярнуцца на свае месцы.


— Мы паўтараем фармулёўку: “амбасадары адкліканыя для кансультацый на радзіму”. Гэта дыпламатычная тэрміналогія. А як гэтую сітуацыю можна апісаць простымі словамі? Што гэта — замарожванне дыпламатычных адносінаў?


— Адкліканне амбасадаў для кансультацый ў сталіцы сваіх краін — гэта, хутчэй за ўсё, зніжэнне рангу дыпламатычных адносінаў. Да ўзроўня выконваючых абавязкі амбасадараў. У выпадку амбасады Польшчы — гэта да рангу дарадцы.


— Ці не паўтараецца сітуацыя з амбасадарам ЗША, які з’ехаў “для кансультацый” у Вашынгтон у 1998 годзе і больш не вярнуўся ў Беларусь?


— Так, гэта той жа самы сцэнар. І я не выключаю такога ж развіцця сітуацыі, як з амбасадай ЗША зараз (скарочаны штат супрацоўнікаў, замест амбасадара — часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі — Еўрарадыё).


— Усё ж цікава: зразумела, чаму пасля пашырэння санкцый ЕС адносна беларускіх чыноўнікаў МЗС Беларусі параіў ад’ехаць “для кансультацый” кіраўніцы Прадстаўніцтва ЕС у нашай краіне Майры Мора, а чаму паставілі такую ж умову менавіта перад амбасадарам Польшчы? Чаму не якой іншай краіны Еўрасаюза?

— Верагодна, таму што Польшча вядзе даволі актыўную палітыку ў адносінах да Беларусі. У рамках Еўрасаюза, на міжнароднай арэне вядзе актыўную палітыку ў адносінах да вашай краіны.

Фота: Змітра Лукашука

Беларусь — ЕС. Хроніка дыпламатычнай вайны. Год 2012

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі