Андрэй Курэйчык збіраецца ў Жэневу
У еўрапейскім аддзяленні ААН сцэнарыст “Вышэй за неба” распавядзе пра вартасць свайго варыянту фільма.
“Калі не атрымаецца дамовіцца на беларускім узроўні, будзем звяртацца ў жэнеўскі офіс – нічога страшнага. Не хопіць у мяне аўтарытэту – папрашу Паўла Лунгіна, папрашу Аляксея Учыцеля ўступіцца – калі ім патрэбная такая рэпутацыйная гісторыя і такія рэпутацыйныя вытрымкі – будуць. Нічога страшнага. Праб’ем, таму што людзі мастацтва будуць адзін аднаго падтрымліваць заўсёды. А мастацтва – вечнае!” – пракаментаваў свае далейшыя крокі Андрэй Курэйчык – сцэнарыст стужкі “Вышэй за неба”, вакол якой апошнія два тыдні кіпяць жарсці і эксклюзіўны паказ якой наведала Еўрарадыё.
Галоўны герой фільма - рок-музыка Мікіта Міцкевіч
Увесь сыр-бор вакол скандалу хаваецца ў наступным: праваўладальнікі фільма – ПРААН абвінавачваюць Курэйчыка і кампанію ў свавольніцтве і парушэнні кантракту. Курэйчык ПРААН – у адхіленні ад праекту і байкатаванні перамоваў. Але пікантнасць сітуацыі заключаецца ў тым, што ў ПРААН ёсць адзняты матэрыял для серыяла, першая серыя якога ў хуткім часе будзе прадэманстравана фокус-групе, а ў Курэйчыка – сваё паўнаметражнае кіно пра цяперашнюю культурную і не вельмі Беларусь, якое яму ўдалося зрабіць у абыход ААН.
“Для мяне гэты фільм – пэўны помнік нашага часу, таму што мы тут зафіксавалі, як мне падаецца, першымі, культурны слой, мы зафіксавалі сувязі ў гэтай культуры менавіта ў сучасным кіно, – з энтузіязмам распавядае Курэйчык пасля прагляду фільма. – Таму што, як ні дзіўна, добрыя нашы рэжысёры часцей за ўсё звярталіся да гістарычнай ці ваеннай тэматыкі – там таксама ўсё вельмі цікава і глыбока. Але я разумею, як ім было б цяжка здымаць сучаснае кіно – іх бы проста вымучылі – мы кажам пра Беларусьфільм ці пра любы беларускі канал… Нам у гэтым сэнсе проста пашанцавала. На нейкі час мы паспелі праскочыць, хоць ужо пачалося… Але мы паспелі, мы знялі, мы зафіксавалі!”
Дачка дэкана БДУ і дыпламата прыгожая Яна, закаханая ў Мікіту
Нефармалка Оля - каханая дзяўчына Мікіты і вакалістка гурта "Вышэй за неба"
Па задуме аўтараў фільма, яго акцёры мусілі пачувацца досыць натуральна ў сваёй ролі і адчуваць, што яны прадстаўляюць пэўны пласт беларускага грамадства. Аднак маладыя акцёры, кажа Курэйчык, не толькі добра справіліся з задачай, а і неаднойчы давалі падставы для гонару.
Андрэй Курэйчык: “Яны разумелі творчую неабходнасць, зрабіць менавіта ў Беларусі нейкія такія крокі, якія для Еўропы з’яўляюцца звычайнасцю – не бывае нямецкага спектаклю, дзе аголеныя людзі не бегаюць па сцэне. А для нас – гэта табу. І мы хацелі парушаць табу, эстэтычныя, мы парушалі іх і ў тэхналогіі мантажу, у кампазіцыі карцінкі. Мы хацелі. Хаця для вялікага кіно ўсяго свету, магчыма, гэта і мінулы этап. Мне скажуць: “Так, гэта было там, у Італіі…” Было. Але ў нас не было. У нас няхай будзе ўпершыню. І гэта ў 2012 годзе адбылося. Ну, дзякуй Богу!"
Алег Хаменка "залажыў" Яну тату-дэкану, маўляў, з добрым хлопцам сустракаецца твая дачка!
2012 год. Мінск.Мікіта – беларускі рок-музыка, які стварае песні для гурта “Перфект”, сын палкоўніка міліцыі і настаўніцы. Ён круціць раман з дачкой дэкана БДУ, студэнтам якога з’яўляецца. Аднойчы на Мікіту звальваецца страшная навіна – ён хворы на СНІД. Хлопец разумее, што хваробай яго “узнагародзіла”чароўная дзяўчына, з якой ён правёў цудоўны вечар паўгода таму ў Крыме. Навіна хутка разносіцца сярод знаёмых Мікіты. Ён вымушаны сысці з універа, чаму вельмі рады бацька Яны, развітацца з Янай і пакінуць “Перфект”, вакаліст якога Стасік глядзіць у бок расійскага шоў-бізу. Каб зразумець, як жыць далей, Мікіта мусіць прайсці шэраг выпрабаванняў: праз канфлікт з бацькамі, неразуменне сяброў, “кайф” у наркапрытоне, музыка разумее, што жыццё мусіць працягвацца. Бацька-палкоўнік спыняе дзейнасць наркапрытона, Мікіта збірае новы гурт “Вышэй за неба”, які перамагае ў конкурсе і знаходзіць новае каханне…
“Я думаю, што фільм будзе жыць дастаткова цікавым міжнародным жыццём, таму што ўсім дзіка цікава, што ў нас у краіне адбываецца, як у нас тут “вар’яцее” моладзь, што яна слухае, што яна спявае, як яна са сваімі бацькамі жыве – а тут мы паказалі гэты пласт, як мне падаецца, дастаткова бескампрамісна”, - спадзяецца на хэпі-энд у скандале Андрэй Курэйчык.
Постэр фільма
Сцэнарыст фільма бачыць адзінае выйсце з сітуацыі: ПРААН дазваляе Курэйчыку і кампаніі абмежаваны і фестывальны пракат яго версіі поўнага метру “Вышэй за неба”, а Курэйчык, як сцэнарыст стужкі, у сваю чаргу, дазваляе ПРААН выдаліць з іх версіі кіно ўсё, што ім не падабаецца. Такім чынам, беларусы могуць пабачыць два варыянты кіно - з аднолькавымі героямі але з рознымі акцэнтамі.
Эксклюзіўны прагляд фільма Курэйчыка адбыўся ў Арт-Сядзібе
Лёс беларускага рок-музыкі, які захварэў СНІДам, "не адпускаў" гледачоў цягам 2 гадзін
Арганізатар канцэртаў Павел Кашырын сыграў у стужцы сябе