Аптэка: Людзі прыходзяць, даведваюцца цану, разварочваюцца і сыходзяць…
З лета айчынная валяр'янка ў таблетках падаражэла на 300% — з 480 да 1500 рублёў .
Айчынны "Бутамінафен" (мазь для прафілактыкі грыпу) улетку адпускалі за 1550, а цяпер — за 5500 рублёў. Еўрарадыё падлічыла грошы, якія мусіць пакінуць у аптэцы хворы беларус.
Каб вырабіць "імпартазамяшчальную" таблетку “Арпетол”, трэба спачатку ўсю сыравіну купіць за мяжой, кажа начальнік аддзела маркетынгу кампаніі "Лекфарм" Аксана Дземянцей.
Аксана Дземянцей: "Уся сыравіна, з чаго складаюцца нашы лекі, завозіцца з-за мяжы. Тут — толькі вытворчасць сваімі сіламі. Вось такая наша таблетка… На жаль, дапаможныя элементы купіць у Беларусі таксама немагчыма. Усё завозіцца: субстанцыя, дапаможныя элементы...".
Ці будуць і даражэць беларускія лекі, не ведае нават кіраўніцтва “Белмедпрэпаратаў”. Хаця там прызнаюцца, што жадалі б, каб кошты былі... вышэйшымі.
“Любы вытворца жадаў бы падвысіць кошты на сваю прадукцыю, таму што гэта пытанне заробкаў працаўнікоў, сацыяльныя пытанні, — тлумачыць намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Уладзімір Вярэніч. — Але ж мы разумеем, што лекі — гэта сацыяльны прадукт. І ў адрозненне ад тых, хто падвышае цэны на хлеб, малако і іншае, то нам проста ніхто не дасць гэта зрабіць. Таму гэта не да нас пытанне…”
У аптэках кажуць, што цяпер людзі сталі купляць менш лекаў, некаторым нават даводзіцца збіраць грошы на лячэнне.
Аптэка “Юніфарм”: “Трошку сталі купляць меней. Людзі прыходзяць, даведваюцца цану, разварочваюцца і сыходзяць. Бывае і такое… Але ў асноўным, калі доктар прызначыць лячэнне, то дзесьці падзбіраюць, дзесьці яшчэ штосьці… І купляюць. Усё ж такі лячэнне ёсць лячэнне”.
Еўрарадыё падлічыла, колькі мінімум грошай давядзецца пакінуць у аптэцы, калі вы ўсё ж такі захварэлі. Лекі бярэм толькі беларускай вытворчасці.
Аксалінавая мазь — 4370 рублёў, "Арпетол" — 52650 (30 таблетак), кроплі для носа — 18330 ("Ксілін спрэй"), "Цытрамон" — 700 рублёў (старая цана, хутка будзе даражэй). Такім чынам, атрымліваем мінімум 77 тысяч за беларускія лекі.
Але ў аптэцы “Панагія” кажуць, што перавагу мінчане ўсё ж такі аддаюць замежным сродкам…
Аптэка: “Прапаноўваем замяніць, спрабуем па магчымасці… Але часам людзі ад гэтага адмаўляюцца. Аддаюць перавагу імпартнаму. Некаторыя людзі ад безвыходнасці бяруць і беларускія, але ўсё адно пасля пытаюцца: дык, можа, атрымалі?”
Застаецца яшчэ адзін варыянт — не хварэць. Але для гэтага трэба піць вітаміны. Як паведамляе "Вячэрні Брэст", у Брэсце людзі амаль перасталі купляць вітаміны.
"…гэты сегмент толькі-толькі пачаў набіраць моц у Беларусі, пацвярджаючы тэндэнцыю да здаровага ладу жыцця. Аднак тэндэнцыя атрымалася нядоўгай".
У Мінску ж вітаміны пакуль яшчэ купляюць. Часта — па некалькі упаковак.
Аптэка: “Па нашай аптэцы такога не назіраецца. У нас перыядычна купляюць усё. Самыя выгадныя вітаміны ў вялікіх упакоўках — там ідзе па 120-130 таблетак. Людзі, калі бачаць, што цана прымальная, то купляюць і дзве, і тры ўпакоўкі: і сабе, і дзецям, і родным”.