У віцебскага аблвыканкама машын больш чым на 1 мільён долараў

“Я бачу кольцы, разумею, што “Аудзі”. А “Аудзі” А8, ці не А8 — гэта ва ўпраўленні справамі пытацца трэба”, — расказваюць мне ў Гомельскім аблвыканкаме пра службовы аўтамабіль губернатара Уладзіміра Дворніка.

Чыноўніцу з горада над Сожам турбую, каб параўнаць машыну кіраўніка Гомельскай вобласці з аўто віцебскага губернатара Аляксандра Косінца. Віцебскі аблвыканкам абвясціў аўкцыён на абслугоўванне свайго аўтапарка і раскрыў звесткі пра мадэлі і нават гады выпуску аўтамабіляў.

Усяго знаходжу 41 машыну! Самая шыкоўная — Audi A8 W12 коштам каля 200 тысяч долараў (тут і далей пададзеныя кошты новых аўтамабіляў — Еўрарадыё). Гэта самы шыкоўны аўтамабіль у лінейцы нямецкага вытворцы. Іншыя машыны Віцебскага аблвыканкама значна саступаюць гэтаму лімузіну. Сціплая тройка звычайных пазадарожнікаў Toyota Land Cruiser (кошт кожнага каля 100 тысяч долараў), два банальныя VW Touareg (прыкладна 75 тысяч за штуку), два мяккія мікрааўтобусы VW Caravelle (каля 60 тысяч кожны), адзін з якіх 2013 года выпуску (махаем ручкай Году беражлівасці). Машынкі на ўсе выпадкі жыцця — на такіх хоць у лес у грыбы, хоць у поле за пасяўной паназіраць. І нават саму Алу Барысаўну ля амфітэатра падчас Славянскага базару сустрэць не сорамна.

Для будзённых мэтаў маюцца 11 Volkswagen Passat 2003-2008 гадоў выпуску коштам прыкладна па 30 тысяч долараў за штуку, тры Skoda Superb Ambition (па 35 тысяч), адна Skoda Superb Comfort (каля 30 тысяч долараў). Аматары скандынаўскага аўтапрома знойдуць у аблвыканкамаўскім гаражы два VolvoS 80 (панавей, 2007 года, коштам каля 50 тысяч долараў) ды старэнькі Volvo 940 для прыхільнікаў панастальгіраваць.

Спроба паразмаўляць з адказным за рамонт і абслугоўванне аўтамабіляў Віцебскага аблвыканкама Віктарам Голышавым заканчваецца паражэннем. Чыноўнік не хоча гаварыць, ці ўсе аўтамабілі ўладнага органа трапілі ў спіс.

“Не ведаю, можна ці нельга расказваць. Я вам гэтага гаварыць не збіраюся”.

Разам з тым ён прызнае, што машыны кожны аблвыканкам сабе выбірае самастойна, нейкага стандартнага для ўсіх набору машын не існуе.

Знаходжу ў спісе сціплыя “Волгі” (якія ужо не выпускаюць, зусім як прэзідэнцкі Maybach), адну “Газель” ды два старэнькія мікрааўтобусы Ford Transit (адзін ажно 1990 года выпуску). Самае тое, каб супрацоўнікаў Камітэта дзяржкантролю па вобласці вазіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі