У Мінску праспявалі песні Эмі Ўайнхаўс
Дзякуючы ім студэнты Універсітэта культуры і мастацтваў здалі залікі і іспыты.
Ва Ўніверсітэце культуры і мастацтваў прайшоў незвычайны канцэрт. Незвычайны таму, што падчас яго студэнты кафедры “Мастацтва эстрады” выконвалі толькі песні Эмі Ўайнхаўс. Так атрымалася, кажа выкладчык кафедры – вядомая джазавая спявачка Яўгенія Лятун, што творы Эмі Ўайнхаўс адпавядаюць навучальнай праграме студэнтаў.
Яўгенія Лятун: “У нас абавязковы рэпертуар змяняецца штосеместр. І па патрабаванні дадзенага курса падышла Эмі Ўайнхаўс. Прынесла адна студэнтка, прынесла іншая. У выніку я прапанавала ўсім праспяваць яе песні і зрабіць тэматычны канцэрт, тым больш, што яе ўжо, на жаль, няма”.
Над, падавалася б, простымі песнямі Ўайнхаўс, студэнтам давялося папрацаваць не на жарт, дзеліцца сваімі назіраннямі Яўгенія Лятун.
Яўгенія Лятун: “А ў якасці школы гэта ўвогуле, я лічу, выдатны вучэбны дапаможнік. Мае ўсе: “Ой, Эмі Ўайнхаўс! Клас! Будзем спяваць! А пачалі слухаць і застагналі, маўляў, там цяжка і складана. На слых нібыта просценькія песенькі, а пачалі здымаць – давялося і павучыцца, і папрацаваць, і патлумачыць і па тэксце, і па фразе. Так, добрая школа”.
У канцэрце бралі ўдзел студэнты розных курсаў і спецыяльнасцяў. У выніку на сцэне з’явіўся студэнцкі бэнд, які такім чынам здаваў чарговы іспыт ці залік.
“Гэта было прыдумана гадоў 15 таму – такая трыадзіная сістэма, калі спецынструмент ці вакал дэманструюцца ў суправаджэнні інструментальнага ансамбля, - тлумачыць выкладчык ансамбля і аранжыроўкі Ўладзімір Бялоў. - То бок, сама дысцыпліна ансамбля, спецынструмент і імправізацыя аб’ядноўваюцца. І калі ўсе розныя курсы, і іх немагчыма падагнаць пад адзін агульны назоўнік, таму мы ладзім іспыт ці залік у выглядзе такога канцэрта”.
На думку выкладчыцы майстэрства акцёра і сцэнічнай мовы, дацэнта Дзіны Георгіеўны Тыцюк, канцэрт вялікіх адкрыццяў не прынёс, аднак парадаваў відавочным развіццём студэнтаў.
Дзіна Тыцюк: “Тыя студэнты, якія займаюцца добра ў мяне, і тут праявілі сябе. Але заўсёды прыемна прыйсці і ўпэўніцца ў тым, што яны не безнадзейныя, што яны рухаюцца, растуць, развіваюцца, робяцца больш свабоднымі – для мяне гэта галоўная ўмова сцэнічнага майстэрства. Яны маюць стасункі з гледачом ужо не толькі праз песню, але і праз слова. Таму што толькі для гэтага мы выходзім – ні фанцікі ды банцікі прадэманстраваць, ні туфелькі і сукенкі, а ўмець па сродках нейкага матэрыялу – песеннага ці моунага размаўляць з гледачом і сказаць яму нешта сваё”.
Размаўляць з гледачом студэнтам падчас выніковага канцэрту, прысвечанага заканчэнню семестра і творчасці Эмі Ўайнхаўс, сапраўды было пра што – тэксты песень Эмі вельмі змястоўныя, перабіваючы адзін аднаго распавядаюць Уладзімір Бялоў і Яўгенія Лятун.
Уладзімір Бялоў: “Манера Ўайнхаўс сапраўды кардынальна адрозніваецца ад сучаснай эмцівішнай манеры. Па сутнасці гэта непрычасанае гучанне, усё вельмі спрошчана”. “І, нарэшце, тэксты нармальныя – можна нешта ў сабе нарадзіць і выразіць . Гэта ж не “I Love You Baby” ці “Together Always”, - дадае Яўгенія.
Уладзімір Бялоў і Яўгенія Лятун
Па словах выкладчыкаў, падобныя канцэрты – дастаткова працаёмкі працэс, таму, на жаль, адбывацца яны будуць усё радзей.
Адна з найбольш яскравых удзельніц канцэрту Маргарыта Мікіціна