Беларус у Венесуэле: На выбарах вырашыцца, ці будзем мы тут працаваць далей

130328_marcin_venesuella_0.mp3

“Усё будзе залежаць ад выбараў, якія пройдуць 14 красавіка, ад таго, як будзе паводзіць сябе новы прэзідэнт", — адразу тлумачыць мне беларус, які год працуе ў Каракасе.

Раней праграмы трымаліся на ініцыятыве былога прэзідэнта Венесуэлы — Уга Чавеса.

“Сітуацыя можа сур’ёзна змяніцца, бо адзін з кандыдатаў апазіцыянер, які можа не захацець супрацоўнічаць з пэўнымі краінамі, іншы — таксама можа па-рознаму сябе павесці”, — расказвае хлопец.

І дадае, што перадвыбарная кампанія ўжо пачалася: з’явіліся ўлёткі.

Два асноўныя кандыдаты: пераемнік Чавеса — Нікалас Мадура, і кандыдат ад апазіцыі — Энрыке Капрылес.

Як даведалася Еўрарадыё, Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт збіраецца размяркоўваць сёлетніх выпускнікоў у Венесуэлу. Заяўкі ёсць, упэўніваюць у дэканаце факультэта іспанскай мовы:

“Зменаў мы не адчулі, запыты ёсць, як і раней. Накіроўваем па-рознаму: калі тры чалавекі, калі пяць чалавек, бывае і 11 перакладчыкаў. Як ідуць новыя кантракты, дык больш просяць. Сёлета ўжо на нас выходзілі, працягваем працаваць”, — тлумачаць у дэканаце.

Але тут пакуль не могуць дакладна сказаць, колькі выпускнікоў сёлета размяркуюць у Венесуэлу.

Выпускніца Мінскага лінгвістычнага Даша збіраецца ў Венесуэлу перакладчыцай.

“Зараз праходзім медкамісію, бо размеркаванне наперадзе. Удакладнялі, ці ёсць змены, нам адказалі, што не. Еду ці то ў Каракас, ці то ў Барынас, але дакладна ўсё стане вядома ўлетку”, — расказвае Даша.

На самой справе значна раней. Новага прэзідэнта венесуэльцы будуць абіраць 14 красавіка.

У кампаніі “Белзамежбуд”, якая накіроўвае на працу ў Венесуэлу будаўнікоў, дэфіцыту вакансій няма. Рабочыя тут патрэбныя, адразу кажуць яны Еўрарадыё:

“Будзем працаваць і працуем пакуль. Жадаючых паехаць шмат. Хутка вакансіі заканчваюцца”.

Нагадаем, 5 сакавіка памёр лідар Венесуэлы Уга Чавес, якога кіраўнік Беларусі называў сябрам.  Новага прэзідэнта венесуэльцы будуць абіраць 14 красавіка.

Фота з архіву Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі