Беларускім палітолагам даюць англамоўную трыбуну
Адмысловы паліталагічны часопіс разлічаны на замежную аўдыторыю
Неўзабаве пабачыць свет новы часопіс “Беларускі палітычны навуковы агляд”. Выдаваць яго будуць на англійскай мове, каб людзі, што цікавяцца Беларуссю і Усходняй Еўропай ва ўсім свеце, маглі знаёміцца з дасягненнямі беларускіх палітолагаў. Перадусім часопіс будзе арыентавацца на навуковыя колы і міжнародныя акадэмічныя супольнасці.
Фармальна, публікацыя ў “Беларускім палітычным навуковым аглядзе” будзе залічвацца беларускім аспірантам як навуковая. Для беларускіх навукоўцаў гэта можа стаць добрым стартам навуковай кар’еры. Палітолаг Андрэй Казакевіч, які з’яўляецца рэдактарам часопіса, робіць акцэнт на прызнанні для маладых навукоўцаў за мяжою:
Андрэй Казакевіч: “На жаль, у нашай краіне шмат што адбываецца не ў адпаведнасці з тымі правіламі і нормамі, якія зацверджаныя, а з нейкімі нефармальнымі працэдурамі. Але, напэўна, больш істотна не тое, каб гэтыя публікацыі прызнаваліся ў Беларусі, а каб прызнаваліся за мяжой: замежнымі ўніверсітэтамі, замежнымі акадэмічнымі ўстановамі – у якасці легітымных, цікавых і вартых увагі. Мы рабілі гэты часопіс па ўсіх стандартах, па ўсіх правілах”.
Каб апублікаваць артыкул, трэба будзе выслаць яго ў рэдакцыю. Там ужо будзе адбывацца працэдура адбору і перакладу выбраных працаў на англійскую мову. Публікацыі будуць тычыцца не толькі палітыкі – кажа рэдактар:
Андрэй Казакевіч: “Нягледзячы на тое, што назва “палітыка” прысутнічае ў гэтым часопісе, ён мае больш шырокія дысцыплінарныя рамкі. Мы прымаем артыкулы па гісторыі, па сацыялогіі, па сумежных дысцыплінах, бо шмат хто з навукоўцаў з гэтых дысцыплінаў так ці інакш дакранаецца да праблемаў палітыкі”.
Частка накладу будзе рассылацца навуковым цэнтрам, якія займаюцца даследаваннем Беларусі. А на другую палову можна будзе падпісацца, звяртаючыся ў рэдакцыю.