Бомбы на 3 ліпеня былі зробленыя нібыта рознымі людзьмі

111102 Rugajn Sud 1.mp3

Да такой высновы прыйшоў эксперт дзяржаўнага крыміналістычнага цэнтра Сцяпан Клімовіч. На яго погляд, бомба, што выбухнула, была зробленая нібыта дылетантам, а тая выбухоўка, што не спрацавала, выглядала як дыпломная праца. І, як ні дзіўна, не спрацавала менавіта "дыпломная праца".


"Я прыйшоў да высновы, што, найбольш верагодна, зроблена рознымі людзьмі, — гаворыць эксперт Сцяпан Клімовіч. — Прылада, якая была знойдзена, там чалавек валодае навыкамі, нікуды не спяшаецца, валодае добрай маторыкай рук. Яно было вельмі акуратна зроблена. Гайкі акуратна складзеныя, усе памеры разлічаныя і пад гэта зробленая каробачка".


У іншай прыладзе, якая выбухнула, гайкі былі загорнутыя ў звычайны ліст паперы А4. Папера складзеная ў некалькі разоў, прычым не роўна і не паралельна. 


Зусім адваротная сітуацыя з сістэмай, якая замыкае электрычную схему з будзільнікам. На першым паянне неакуратнае, а на другім, наадварот, вельмі прафесійнае.


"Паянне значна адрозніваецца па знешнім выглядзе, — працягвае эксперт. — У адным выпадку паялі нібыта халодным паяльнікам, так я ў дзяцінстве паяў — проста намазваў. На другім прыпой ляжыць роўненька, добра прагрэта, што сведчыць аб тым, што чалавек рэгулярна паяе, прычым дастаткова тонкія рэчы".


То бок знойдзеная прылада зроблена добра, а паянне — кепскае. Тая, што выбухнула, зроблена горш, а паянне — лепш. Але ізастужка паводле заключэння экспертаў з адной скруткі.

Абедзве бомбы зробленыя па-рознаму. Але самы галоўны абвінавачаны Дзмітрый Канавалаў на следчым эксперыменце зрабіў трэці варыянт!


Аказваецца, сабраць цалкам макет бомбы яму не далі, бо не было такой мэты і дастатковай колькасці гаек.


"На следчым эксперыменце ён цалкам сабраў прыладу?" — пытаецца на судзе ў эксперта адвакат Станіслаў Абразей.


"Не. Таму што калі ён паказваў, як вырабляў зарад, зарад не адпавядаў памерам. Ён усё паказваў і тлумачыў. Цалкам, каб адзін у адзін ён скончыў, такога не было", – адказвае эксперт Клімовіч.


Адвакат: А чым гэта было выклікана? Не далі магчымасці ці час быў абмежаваны?


Эксперт: Не. Ніякіх абмежаванняў у часе не было. Але далей гэтае пытанне не да мяне.


Адвакат: Але вы ўдзельнічалі як спецыяліст.


Эксперт: Мне гэтых тлумачэнняў як спецыялісту было дастаткова.


Адвакат: А мне як абароне недастаткова.


“Ён вам патлумачыў ужо!” — перарывае спрэчку суддзя.


Клімовіч патлумачыў, што задачы сабраць цалкам выбуховую прыладу не ставілася. Таму што тэхнічна гэта складана, трэба правесці шмат падрыхтоўчай працы, закупіць 600 гаек і рэчыва падобнае на трыперакіс ацэтону.


Што ж "няправільна" зрабіў Канавалаў?

111102 Rugajn Sud 2.mp3
1. Наменклатура гаек, якія выкарыстоўваліся ў якасці паражаючых элементаў.


У абедзвюх выбуховых прыладах 3 ліпеня выкарыстоўваліся гайкі М8 і М10. "А што ў макеце, які сабраў Канавалаў? — пытаецца адвакат Дзмітрый Лепрэтар. Розныя ці аднолькавыя?"


"Аднолькавыя, — адказвае эксперт. — Але дадзены фактар можна аднесці на часавы. Прайшло ўжо 3 гады. Сама прынцыповая схема выкарыстання гаек у якасці паражаючых элементаў засталася. Тут больш уплывае паражаючы фактар".


2. Розная колькасць элементаў сілкавання


У абедзвюх прыладах былі знойдзеныя дзве батарэйкі. Яны былі прымацаваныя да корпусу будзільніка ізастужкай. На следчым эксперыменце Канавалаў узяў адну батарэйку і проста ўставіў яе ў корпус! "Як вы можаце патлумачыць гэтую розніцу?" — пытаецца адвакат Дзмітрый Лепрэтар.


"Гэта вельмі проста. Такая схема будзе працаваць пры адным элеменце сілкавання", — тлумачыць эксперт і зноў паўтарае пра часавы фактар.


3. Форма выбуховага рэчыва


Форма трыперакісу ацэтону ў знойдзенай выбухоўцы Г-падобная. "А на следстве Канавалаў якую паказваў?" — цікавіцца адвакат.


"Звычайную прастакутную, гэта, хутчэй за ўсё, часавы фактар", — кажа эксперт.


Адвакат Станіслаў Абразей пацікавіўся ці ўваходзіць у паўнамоцтвы эксперта ацэнка часавага фактара. Але суддзя зняў пытанне.


"Я здымаю пытанне, ён гэта тлумачыў. Здымаю пытанне! Гэта не адносіцца да справы".


Адвакат: "Я прашу занесці маё пытанне ў пратакол і пярэчу на дзеянні старшыні"


Паводле версіі, агучанай на судзе, Канавалаў усталяваў першую прыладу. Калі яна не выбухнула, ён пайшоў па другую. Цікава, што не спрацавала тая, што была зроблена больш якасна.


"На момант першаснай дастаўкі яго ў ДКЦ тумблер стаіць у палажэнні "выключана", — гаворыць эксперт.


То бок у прыладзе быў разарваны электрычны ланцуг — выключана! Пры спрацоўванні будзільніка выбуху проста не магло адбыцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі