Будучы Аляксандр Глеб збівае каленкі аб жалязякі (фота, відэа)
А будучы Аляксандр Гутар за трэніроўку 5 разоў падае на асфальт. У цэнтры Мінска футбольная школа дагэтуль трэніруе дзяцей... на асфальце.
Самы знакаміты беларускі футбаліст Аляксандр Глеб так і не здолеў высветліць, куды падзеліся грошы, прызначаныя для яго першай спартовай школы.
“Нічога не магу сказаць, хаця я гэтым цікавіўся, ― з сумам распавядае Еўрарадыё Аляксандр Глеб. ― Вельмі хацелася б, каб у школе паклалі поле. Бо сродкаў, пералічаных “Арсеналам” і “Барселонай”, было сапраўды дастаткова, каб стварыць для дзяцей добрыя ўмовы. Але ўсё сыйшло, як у сухую зямлю. Бясконцыя адгаворкі: тут не тое, гэта не тое. Крыўдна за школу і за дзяцей”.
Адсотак ад кожнага трансфера заўжды пералічваецца школе, дзе футбаліст пачаў трэніравацца. Ад Аляксандра Глеба спартоваму таварыству “Дынама” дасталося 600 тысяч еўра! 284 тысячы пералічыў “Арсенал”, прыкладна столькі ж ― “Барселона”.
Але ў дынамаўскай спартовай школе №3 дзяцей дагэтуль трэніруюць… на асфальце! З ямінамі, дарожнымі латкамі і каналізацыйнымі люкамі.
Тут займаецца 26 груп. Агулам 321 хлопчык.
“Мы тут даўно гуляем. Прызвычаіліся ўжо!” ― паціраючы абадраныя локці, кажуць “дзеці асфальта”. Бачна, што на гэтым полі яны наўмысна імкнуцца гуляць вельмі пяшчотна.
Трэніроўка звычайна пачынаецца з размінкі і адпрацоўкі тэхнічных элементаў. Другая палова заняткаў ― футбольны спарынг. Цяжэй за ўсё, натуральна, даводзіцца варатарам: маленькі Яраслаў за гульню падае на асфальт разоў пяць, не менш!
Пяцікласнікі, як пра баявыя раны, з гонарам распавядаюць пра свае першыя траўмы:
― Памятаеш, ты чатыры разы за адну трэніроўку ўпаў. І яшчэ галавой ударыўся!
― Тут вельмі проста ўпасці. Не трэба нават падножак, проста гульнявы момант. Паслізнуўся, ці корпус паставілі табе…
На мясцовым асфальце пачыналі гуляць тры футбалісты сённяшняй алімпійскай зборнай Беларусі: варатар Аляксандр Гутар, паўабаронца Мікіта Букаткін і абаронца Дзяніс Палякоў. Кіраўніцтва школы разводзіць рукамі: як уехалі сюды 30 гадоў таму, перад маскоўскай Алімпіядай, так з тых часоў нічога і не змянялася.
“Мы з вамі можам толькі канстатаваць факты: дзеці б’юць галовы, калені, локці. Але нікому да гэтага справы няма. Гробяць здароўе і ўсё. Школа не мусіць працаваць у такіх умовах!” ― з болем кажа трэнер Валянцін Дамашэвіч.
Дырэктар спартовай школы Аляксандр Ляўковіч спадзяецца, што падчас рэканструкцыі стадыёна “Дынама”, якая мусіць пачацца ў кастрычніку, на дзіцячае поле пакладуць хаця б штучнае пакрыццё.
Аляксандр Ляўковіч: “Поле ў нас памерам амаль як асноўнае на стадыёне “Дынама” ― 90х60 метраў. А асноўнае ― 105х68. Рэгламент патрабуе, каб побач з галоўнай арэнай была запасная ў добрым стане, каб зборная, якая прыязджае гуляць у гасцях, мела магчымасць патрэніравацца, не псуючы асноўны газон. Таму я думаю, што добрае поле на месцы гэтага асфальту ўсё ж такі будзе. Напэўна, старыя трыбуны адсунуць у глыбіню парка, і некалькі кіёскаў прыбяруць”.
Каб даведацца, як ідзе справа з рамонтам, іду ў падтрыбунныя памяшканні стадыёна “Дынама”. Дырэктар арэны Уладзімір Вільчынскі зараз у адпачынку. У аддзеле па рамонце і эксплуатацыі будынкаў мяне сустракае жанчына… з газонакасілкай у руках! Яна жартам кажа, што ідзе касіць траву на полі. А пасля распавядае, што планаў па рэканструкцыі стадыёна дагэтуль няма. Як няма і ўпэўненасці ў тым, што “Дынама” сёлета пачнуць рамантаваць.
“Па тэлебачанні кажуць, што ў нас тут ужо і дах над стадыёнам, і ўсё астатняе. Адны мы нічога гэтага не ведаем! Рэканструкцыя стадыёна ўпіраецца ў грошы…”
А грошы за трансферы Аляксандра Глеба, па звестках Аляксандра Ляўковіча, дагэтуль ляжаць “на дэпазіце” спартовага таварыства “Дынама”.
Аляксандр Ляўковіч: “Калі адбываўся гэты перавод, у нас не было самастойнага рахунку для пазабюджэтных грошай. Яны трапілі на дэпазіт у БФСТ “Дынама”. Таварыства нам дапамагае: чатыры разы мы з гэтых грошай ездзілі на турніры ў Францыю, арандавалі палі, каб праводзіць спаборніцтвы ў Мінску”.
Але асфальт застаецца на сваім месцы. А дзеці хутка забываюцца пра пабітыя каленкі і з захапленнем гуляюць у футбол.