Чаго чакаць ад рэзалюцыі Еўрапарламента па Беларусі 16 лютага?

У чацвер 16-га лютага еўрапарламентарыі ў чарговы раз абмяркуюць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Чакаецца адмысловая рэзалюцыя. На думку палітолага Паўла Усава, Еўропа павінна заняць больш жорсткую пазіцыю адносна рэжыму ў Беларусі.

Павел Усаў: На сённяшні дзень еўрапейскія палітыкі павінны зразумець, што з беларускім рэжымам можна размаўляць толькі з пазіцыі сілы, а з іншага боку –  рабіць канкрэтныя крокі ў дачыненні да беларускага грамадства. Прынамсі вырашыць праблему з візамі”.

Нагадаем, што 14 лютага сваё абурэнне сітуацыяй у Беларусі выказаў старшыня Еўрапарламента Марцін Шульц. Заява старшыні была апублікаваная пасля ягонай размовы з еўракамісарам па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства ЕС Штэфанам Фюле. Прэс-сакратар Старшыні Еўрапарламента Марцін Граеўскі расказаў пра падрабязнасці размовы.

Марцін Граеўскі: “Вялікая частка іх размовы тычылася Беларусі. Старшыня Шульц быў асабліва абураны ў сувязі з галадоўкай дзеяча апазіцыі Сяргея Каваленкі. Ён трактаваў гэта, як чарговы доказ таго, што ў Беларусі парушаюцца асноўныя прынцыпы дэмакратыі і там не хапае павагі да закону”.

Марцін Шульц дадаў, што калі памрэ Сяргей Каваленка, “рукі беларускіх уладаў будуць акрываўленыя”. Старшыня Еўрапаламента таксама занепакоены лёсам іншых палітвязняў, працягвае Марцін Граеўскі.


Марцін Граеўскі: “Сёння жыццё Каваленкі знаходзіцца пад пагрозай, таму Старшыня Шульц заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць палітвязня, каб той мог атрымаць неабходную медыцынскую дапамогу. З нагоды свайго водгуку Старшыня Шульц паўтарыў сваё патрабаванне, вызваліць і рэабілітаваць астатніх палітвязняў”.

На думку прэс-сакратара старшыні Еўрапарламента, будучая рэзалюцыя паўторыць патрабаванні Марціна Шульца.

Марцін ГраеўскіЯ думаю, што ўсе гэтыя пытанні, пра якія я ўзгадваў, знойдуць месца ў рэзалюцыі. Еўрапейскі Парламент асудзіць адсутнасць пашаны да закону, парушэнне правоў дэмакратыі ў Беларусі. Я дапускаю, што заклікае вызваліць і рэабілітаваць палітвязняў”.

Аднак галоўнае – гэта не заявы і дэкларацыі, а канкрэтныя дзеянні. Еўрапейскай палітыцы ў дачыненні да Беларусі не хапае практычнага вымярэння, лічыць палітолаг Павел Усаў.

Павел Усаў: “Далей гэтых дэкларацый палітыка не рэалізуецца. Таму ўся палітыка Еўрасаюза адносна Беларусі – гэта палітыка рэзалюцый і заклікаў. Калі ў далейшым еўрапейская палітыка будзе мець практычныя падмацаванні – пашырэнне эканамічных санкцый, пашырэнне спісу неўязных – тады можна чакаць пэўнай рэакцыі з боку беларускіх уладаў”.

Нагадаем, што Еўрапарламент неаднаразова прымаў жорсткія рэзалюцыі з асуджэннем палітыкі беларускіх уладаў у галіне правоў чалавека, але надзвычай крытычную пазіцыю еўрадэпутатаў не падтрымлівалі міністры замежных спраў краін-сябраў ЕС, а менавіта яны вырашаюць, ці ўводзіць санкцыі.

Фота belsat.eu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі