Чаму ў Беларусі няма сваіх Ксюшы Сабчак і Леаніда Парфёнава?

120305 Luka6uk Oppoziciia.mp3

Лідар кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў доўга ў студыі Еўрарадыё не затрымаўся: тэрміновыя справы прымусілі яго скараціць візіт. Што тычыцца расійскіх знаходак, то палітык адзначыў Жырыноўскага, які зарэгістраваўся назіральнікам на выбарчым участку.


Уладзімір Някляеў: “Гэта добры піяр-ход з боку спадара Жырыноўскага. Каб мне цюкнула тады гэта ў галаву, то мы б таксама зарэгістраваліся, але мне не цюкнула. Але шчыра — гэта піяраўскі ход, які нічога не дае! Калі татальна не працуе закон, то што ён можа даць? Ну, малайчына, скажуць, Жырык, добра прыдумаў”!



Не засталіся без увагі палітыка і заклікі ўсіх расійскіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў найперш — ісці назіральнікамі на выбары, а не галасаваць за таго ці іншага кандыдата. Падтрымлівае калегу і экс-кандыдат ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.


Рыгор Кастусёў: “Такія запрашэнні былі б вельмі дарэчы і ў нас — у Беларусі: “Ідзіце, назірайце за выбарамі!” І таму, што яны змаглі вывесці людзей — гэтаму ў іх можна павучыцца. А вось усё астатняе я б не разглядаў, як станоўчы вопыт для беларускай апазіцыі”.



З гэтым не пагаджаецца экс-кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук, якога ўражвае мабілізацыя ў інтэрнэце.


Яраслаў Раманчук: “Вельмі важны пазітыў — мабілізацыя інтэрнэт-супольнасці. Інтэрнэт-супольнасць стала актыўным удзельнікам усей кампаніі, якая аказвала ўплыў у тым ліку, і на ўладу. Пытання, што рабіць з інтэрнэтам, у Расіі няма”.


А Рыгор Кастусёў падтрымлівае былога калегу заявай, што розным беларускім блогерам і актывістам “сусветнага павуціння” трэба не толькі клыпаць па клавішам, седзячы на канапе, але і выходзіць на мітынгі самім. Як і іншым “маральным аўтарытэтам” розных сацыяльных груп, дадае Раманчук.


Яраслаў Раманчук: “Самы асноўны досвед, які можна выкарыстаць у Беларусі, — кансалідацыя і актывізацыя інтэлігенцыі, тых людзей, якія з’яўляюцца аўтарытэтамі для пэўных сацыяльных груп. Сабчак, Парфёнаў, Акунін — тыя людзі, якія грукаюць не ў тыя нішы, у якія грукаюць Нямцоў, Яшын. Гэта — галоўны досвед, каб такія людзі рухалі нас да грамадскага дыялогу, які ў Расіі ўжо ідзе”.



Пытанне, чаму ў нас няма сваіх “Ксюш”, адказу так і не знайшло.


Цікава, але суразмоўцы Еўрарадыё ўпэўненыя: усё тое лепшае, што можна было ўбачыць падчас выбарчай кампаніі ў Расіі, было перанятае расіянамі... у сваіх беларускіх калег з дэмакратычнага лагера! Гэта — і правядзенне мітынгаў “з дакладна вызначаным парадкам дня”, і разуменне дыялогу аб правядзенні сумесных масавых акцый ды іншае.


Засталося толькі дачакацца, ці змогуць абкатаныя на расійскіх выбарах уласныя ж ідэі беларускія дэмакраты скарыстаць на сваю карысць. Хаця б — з тым жа поспехам, што і расіяне. Да прыкладу, на парламенцкіх выбарах.

Фота: Алеся Пілецкага і Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі