Чыноўнікі купляюць аўтамабілі ў абыход аўкцыёнаў
Летась на сайце дзяржзакупак было адменена ці прызнана няздзейсненымі з дзясятак аўкцыёнаў на закупку аўто для чыноўнікаў. Але амаль усе яны машыны набылі.
Старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко ад набывання аўтамабіля за 68 тысяч долараў — Toyota Highlander — адмовіўся праз паўтары гадзіны пасля паведамлення пра гэта Еўрарадыё.
“Мы вывучылі кан’юнктуру рынку, кошты, не атрымалі пацвярджэння фінансавання і не будзем купляць новае аўто. Буду ездзіць на старой”, — кажа Еўрарадыё асабіста старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Іванавіч. У Нясвіжскім райвыканкаме кажуць, што аўтамабіль іх кіраўніка — 100% зношаны, таму трэба новы, але пасля скандалу высвятляецца, што “машына не такая ўжо і старая”.
А вось у Нясвіжскім палацы аўтамабіль за 450 мільёнаў Nissan Pathfinder усё-ткі купілі.
“Яшчэ ў снежні ў ДАІ зарэгістравалі. За асабістыя сродкі купілі — зарабілі”, — нечакана кажуць у Нясвіжскім музеі. Цікава, што аўкцыён быў… адменены.
А вось самы бедны раён Брэсцкай вобласці Драгічынскі купляе свайму старшыню машынку за 47 тысяч долараў — Hyundai Santa Fe Comfort 4WD. Цяпер аўкцыён адменены, а ў райвыканкаме на пытанне Еўрарадыё, ці купілі вы аўтамабіль свайму старшыню, нервуюцца:
“Ніякіх каментароў на гэтую тэму больш!” — і кідаюць слухаўку. Мо пакрыўдзіліся?..
На сайце дзяржзакупак з дзясятак аўкцыёнаў на закупку аўтамабіляў для чыноўнікаў розных узроўняў прызнаны няздзейсненымі: Хойнікі, Паставы адмянілі аўкцыёны на закупку аўтамабіляў за 300 мільёнаў — тут куплялі Volkswagen Tiguan Trend & Fun і Ford Transit Tourneo Bus 280 SWB Bus M1 2.2 TDCi.
На справе аказваецца, што 300 мільёнаў на закупку аўтамабіляў у райвыканкамах… знайшлі.
“Мы яшчэ летась купілі, а на гэты год яшчэ не рабілі заявак”, — здзіўляюцца на пытанне Еўрарадыё ў Пастаўскім райвыканкаме.
Аказваецца, для чыноўнікаў існуе спецыяльная схема.
“Двойчы падаем заяўку на электронны аўкцыён. Першы раз заяўка вісіць 15 дзён, другі раз падаем — 10 дзён на заяўку. Калі ніхто не адгукаецца, адмяняем аўкцыён, і тады ўжо купляем наўпрост ад дылера”, — прастадушна прызнаюць Еўрарадыё ў райвыканкаме.
Купілі аўто і для Хойніцкага аддзелу культуры — таксама за 300 мільёнаў рублёў!
Праўда, схема для чыноўнікаў на закупку аўтамабіляў у выпадку грандыёзных скандалаў на ўсю рэспубліку не дзейнічае.
Кантрольнае тэлефанаванне ў Ельск, дзе куплялі Touareg V6 TDI Tiptronic. Адразу ў гараж райвыканкама. Вадзіцель райвыканкама Іван кажа, што ў гаражы чатыры машыны — сярод іх і "Мэрсэдэс", якому 12 гадоў, і "Ніва", і нават "Жыгулі".
“Не куплялі новыя аўтамабілі. Дакладна зараз новых аўтамабіляў няма”, — кажа Іван.