Да аэрапорта “Мінск” тыдзень забаранялі пад’язджаць на машыне
У таксістаў правяралі пуцявы ліст, на ўваходзе ўсіх даглядала міліцыя. Еўрарадыё пацікавілася, якія меры бяспекі ўвялі ў Беларусі ў сувязі з тэрактам у Маскве.
Пасля тэракту ў маскоўскім "Дамадзедаве" у беларускім аэрапорце таксама увялі дадатковыя меры бяспекі. Нацыянальны аэрапорт “ачапілі” яшчэ на пад'едзе, правяралі усе машыны і аўтобусы. Пасля на ўсіх уваходах у будынак — аналагічная працэдура.
"На ўездзе стаяла машына ДАІ і ваенныя, правяралі машыны. На ўсіх ўваходах у сектары — тое ж самае, правяралі металашукальнікам усіх. Падазроныя сумкі правяралі", — распавядае кіроўца таксі.
Усе машыны метраў за 500 разварочвалі на стаянку і не давалі пад'ехаць да самога будынка. Да ўваходу маглі ехаць толькі рэйсавыя аўтобусы і таксі, якія таксама правяралі.
"Таксі пускалі, калі едзеш з кліентам або сустракаць кагосьці. Правяралі багажнік і пуцявы ліст", — дадае таксіст.
"Былі павышаныя меры бяспекі з-за тэракта ў "Дамадзедаве". Але ніякіх інцыдэнтаў у нас не было", — кажа супрацоўнік аэрапорта.
Таксама даглядалі і саміх супрацоўнікаў аэрапорта.
"Зранку мы калі ідзем, усіх даглядаюць. Але потым — мы ж некалькі разоў за дзень ходзім, інвентар там бярэм — сэнс нас кожны раз абшукваць? Хіба калі ты падазрэнне нейкае выклікаеш, хоць ты і ў форме аэрапортаўскай будзеш, усё роўна правераць. Наконт гэтага вельмі строга", — кажа мужчына, які чысціць дарогу ад снегу.
Такія меры бяспекі ўвялі ў панядзелак 24 студзеня. З 31 студзеня ў аэрапорце ўсё запрацавала, як звычайна. Праехаць на машыне можна нават да ўваходу, у будынак прайсці можа кожны, і ніякіх металашукальнікаў няма. Надгляд праводзіцца толькі ў зоне памежнага кантролю.
Праўда, нягледзячы на зняцце павышаных мер бяспекі, падазроных асоб могуць дагледзець супрацоўнікі міліцыі, распавёў Еўрарадыё прэс-сакратар Упраўлення ўнутраных спраў на транспарце Аляксандр Марчанка.
"З прычыны таго, што грамадскі парадак і бяспека пасажыраў забяспечаныя, няма неабходнасці задзейнічаць дадатковыя сілы. Аднак супрацоўнікі транспартнай міліцыі па-ранейшаму будуць звяртаць увагу на наведвальнікаў вакзалаў і аэрапортаў. Падазраваныя грамадзяне могуць быць падвергнутыя праверцы, у тым ліку з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў".