Дарафеева: Спявала па-руску, каб журы Еўрафэста хаця б зразумела сэнс песні

111207 Sviardlou EvroV.mp3

Вядомая спявачка Ірына Дарафеева засталася за бортам конкурсу Еўрафэст. Песня, якую спявачка рыхтавала адмыслова ў фармаце Еўрабачання, падалася журы… нефарматнай!

“Песня вельмі добрая. Але больш для такіх конкурсаў, як “Славянскі базар!” — распавядае Еўрарадыё кіраўнік праекта Еўрафэст Аляксандр Ціхановіч. Але сама Ірына Дарафеева ўпэўненая: менавіта такія балады шмат разоў паспяхова выконваліся на Еўрабачанні! Спявачка параўноўвае яе з песняй брытанкі Джэйд Івэн, прэзентаванай на Еўрабачанні 2009 года.

На Еўрафэсце Ірына Дарафеева праспявала сваю песню па-руску, хаця пераклад на англійскую мову ўжо гатовы:

Ірына Дарафеева: “А чаму спявала па-руску? Ды проста каб удзельнікі журы хаця б зразумелі, пра што яна! У выніку, я так разумею, журы не ацаніла маю прафесійную падрыхтоўку. За што я ім вельмі ўдзячная. І цяпер буду вельмі цаніць іх і іх меркаванне”.

Лідар гурта “Дразды” Віталь Карпанаў таксама ў паўфінал Еўрафэста не трапіў. Ён заўважае, што 15 пераможцаў, у прынцыпе, адпавядаюць фармату конкурсу. Толькі чамусьці ў паўфінал трапілі песні, якія пісалі... члены журы!

Віталь Карпанаў: “...Але фармат гэтага конкурсу вельмі ўмоўны. І часта перамагае тое, што крыху выбіваецца з фармату. Карацей, журы спачатку напісала песні ў фармаце Еўрабачання, а пасля іх жа і адабрала!”

Сёлета ў склад журы Еўрафэста увайшлі Леанід Шырын і Юрый Вашчук — аўтары конкурснай песні Анастасіі Віннікавай. Таксама апынуўся ў журы кампазітар Яўген Алейнік. Ён прадзюсуе гурт Aura, які ўдзельнічае ў Еўрафэсце.

“Гэта тое самае, што мяне запрасіць у журы, каб ацаніць маю ж песню ў маім жа выкананні. Чарговы раз сябе паслухаць”, — пратэстуе Ірына Дарафеева.

Аляксандр Ціхановіч кажа, што ў абмеркаванні сваіх песень ні Шырын з Вашчуком, ні Алейнікаў не ўдзельнічалі.

Аляксандр Ціхановіч: “Калі мы абмяркоўвалі іх творы — яны выходзілі. А мы размаўлялі. Нехта выходзіў тэлефанаваць. Але нехта заставаўся і ўстрымліваўся ад каментарыяў”.

Такія тлумачэнні Ірына Дарафеева ўспрымае скептычна. Маўляў, я ж гэтую “кухню” ведаю… Што тычыцца складу журы, дык спявачку здзівіла наяўнасць у ім харэографа Аляксандра Мяжэннага.

Ірына Дарафеева: “Наколькі гэта важна на гэтым этапе, калі яшчэ няма ніякага нумара, а пра яго пастаноўку ніхто нават не кажа?”

“Дразды” падрыхтавалі для Еўрафэста адразу дзве песні. Адна з іх — “Не ты” — жвавая і вясёлая, але, сапраўды, не зусім фарматная.

“А другая песня ў нас была… Мы яе называем “Пра блакітнае”. Мяне журналісты падбілі на гэта. Маўляў, давай, усіх зачэпім гэтай песняй! Гэта ж конкурс менавіта для такіх хлопцаў!”

Зачапіць журы не атрымалася. Хаця па рэакцыі залы адчувалася, што нарэшце атрымалася “разварушыць” гэты “конкурс павольнай песні”.

“Здавалася б, столькі знаёмстваў, столькі сяброў… А выявілася, у некага іх больш!!!” — быццам намякае на нешта Карпанаў.

Аляксандр Ціхановіч пярэчыць гэтаму меркаванню: журы падышло да выканання сваіх абавязкаў дбайна і прафесійна. Нават давялося раіцца двойчы.

Аляксандр Ціхановіч: “Першы раз гэта было пасля праслухоўвання ў канцэртнай зале. А другі пасля таго, як нам усё гэта запісалі, і мы прагледзелі запіс па тэлевізары. Бо Еўрабачанне — конкурс тэлевізійны. І тэлевізар у нашым выпадку быў павелічальным шклом: тое, што ў песнях было добра, стала выглядаць яшчэ лепш. Недахопы “павылазілі”.

Паўфінал Еўрафэста, па выніках якога з 15 выканаўцаў будуць абраныя 5, пройдзе ў жывым эфіры тэлеканала “Беларусь 1” 21 снежня.

Фота: "Комсомольская правда в Белоруссии".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі