Двайны дэбют падчас "гісторыі аднаго злачынства"
Прэм’ера спектакля "Ліфт" ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі стала бенефісам літаратара Юліі Чарняўскай і рэжысёра Галіны Чарнабаевай.
Сюжэт спектакля будуецца вакол выкладчыцы філасофіі Ганны Мікалаеўны. Ад жанчыны нядаўна сышоў муж, у яе праблемы з 18-гадовым сынам. Лёс зводзіць жанчыну з аднагодкам сына, які спрабуе яе абрабаваць. Яны сутыкаюцца удваіх у зламаным ліфце.
“Ліфт” – не проста спектакль-відовішча. У ім уздымаецца шмат праблемных пытанняў. Адно з іх гучыць ад імя галоўнай гераіні. Чалавек настолькі чалавек, кажа Ганна Мікалаеўна, наколькі ён можа прадставіць сабе боль, пакуты, жаданні другога чалавека, а не толькі свае ўласныя.
“Натуральна, немагчыма ўратаваць увесь свет, але калі гаворка ідзе пра нашых блізкіх... – распавядае Галіна Чарнабаева, для якой гэта п’еса стала рэжысёрскім дэбютам. – Мне думаецца, калі б мы маглі хоць крышачку падумаць не толькі пра сябе і любілі бы не толькі сябе. Напрыклад, у нейкіх крытычных сітуацыях ішлі б не толькі ад сваіх інтарэсаў, а спрабавалі шляхам гэтага ўяўлення ўявіць, што думае іншы чалавек і спрабавалі б хоць крышачку дапамагчы яму, нават на шкоду нейкім сваім пачуццям, жаданням, то тады, мабыць, наш свет быў бы значна шчаслівейшы”.
Аўтар прыцягвае ўвагу да таго, што сучасныя людзі сталі жыць па прынцыпе “Нікому не вер – ніхто не падмане” і не знаходзяць ніводнага чалавека, каму б яны маглі давяраць па-сапраўднаму.
“Вы ўяўляеце, які гэта жах, і што з душой чалавечай робіцца? – перажывае за сваіх герояў Галіна Чарнабаева. – Калі ён жыве і бясконца чакае ўдар у спіну, ад усіх. Тады, натуральна, свет робіцца зборам ворагаў. Ну, а калі ўсе навокал – ворагі, чаму я не маю права пайсці і адняць грошы? Ці пайсці прынізіць кагосьці? Ці пайсці нават далей – на забойства?”
Спектакль завяршыўся доўгімі авацыямі, але пасля ў фае не было звычайнай “пасляпрэм’ернай” эйфарыі. Людзі сыходзілі вельмі задуменнымі і вагаліся, ці даваць каментарыі. Гэта, спадзяецца Галіна Чарнабаева, азначае, што твор Юліі Чарняўскай дае сапраўдную магчымасць дыялога з публікай.
“Мне вельмі спадабалася, як рэжысёр зразумеў тое, пра што п’еса, – кажа аўтар “Ліфта” Юлія Чарняўская. – Яна пра простыя рэчы, але выказаныя не вельмі проста. Таму мне было вельмі прыемна, што гэта зразумелі. Мне вельмі спадабалася прэм’ера і гэтыя акцёры. Для мяне гэта вялікі і істотны дзень”.
Юлія Чарняўская (пасярэдзіне) і акцёры спектакля
Дарэчы, у дзень прэм’еры на сцэне тэатра беларускай драматургіі так і не з’явіўся заяўлены ў “Ліфце” вядучы акцёр Ігар Сігоў, якому адводзілася роля мужа галоўнай гераіні. На гэтым месцы гледачы ўбачылі Аляксандра Марчанку. Як высветлілася, дзень прэм’еры супаў з прызначэннем Сігова на пасаду дырэктара тэатра. Але плануецца, што ў наступных пастаноўках акцёр усё ж з’явіцца на сцэне.