Experty.by: Вайцюшкевіч у топе, папса ў д*пе!
У Мінску ў пяты раз вызначаныя лепшыя альбомы паводле версіі сайта Experty.by.
130328_mashka_vajtushkevich.mp3
“Я ўвогуле здзівіўся, што такое можа быць. Вайцюшкевіч зноў у трэндзе!” — жартуючы аб’яўляе пераможцу ў намінацыі “Лепшы беларускамоўны альбом” Сяргей Будкін. І гэта не апошні за гэты вечар выхад маэстра Вайцюшкевіча па ўзнагароду ад парталу Experty.by. Наступным разам ягоны альбом “Ваячак” на вершы польскага паэта-самагубцы Рафала Ваячка становіцца “Альбомам года” паводле версіі штатных экспертаў сайту.
Сяргей Будкін
“Я ведаў, што ў альбома адзін з высокіх балаў. І гэта было для мяне нечакана, — распавядае задаволены Зміцер. — Я шукаў прычыну: 6 гадоў працы, аўтарытэт, асабістыя знаёмствы з экспертамі, памятаючы, як мяне яны "чыхвосцілі" за гэты час… Ну, магчыма… Я і сам не ведаю пра гэтага “Ваячка”, што там. Зрабілі, выдалі, адпусцілі… Я вельмі рады, што на сённяшні момант дыск вельмі высока ацэнены тут, у Беларусі”.
Натуральна, што “Ваячак” Вайцюшкевіча ў якасці альбома года стаўся нечаканасцю. Напрыклад, для лідара Port Mone Аляксея Варсобы такі ход падзей падаецца крыху дзіўным:
“Мне ўвогуле дзіўна. Дзіўна, бо, з аднаго боку, мне гэта нечым прыемна, а з іншага боку, дзіўна, таму што гэта аўтарскі праект, і не зусім, як мне падаецца, музычны”.
Максім Жбанкоў
Культуролагу Максіму Жбанкову чарговы прарыў Вайцюшкевіча ў лідары бачыцца лагічным і абгрунтаваным:
“У гэтай асобе ёсць здольнасць пераадольваць свае ўласныя штампы, ёсць здольнасць разгортвацца па-за межамі інерцыйных, звычайных, паспяховых і ўлюбёных сваіх прыёмаў і трэндаў. Гэта чалавек, які з кожным сваім рэлізам, не бездакорным, безумоўна, робіцца большым за самога сябе папярэдняга. Чым ёсць перамога? Перамога ёсць здольнасцю ісці далей насуперак абставінам. Вось Вайцюшкевіч гэта робіць. І гэта прыўкрасна”.
Традыцыйна адкрылі чарговую цырымонію ўладальнікі "Лепшага дэбютнага альбома"
Clover Club
Апроч Вайцюшкевіча, у трэндах сёлетняй прэміі Experty.by апынуўся Clover Club са сваім дэбютнікам “Randon Mood Jukebox”, "Серебряная свадьба" з пласцінкай “Laterna Magiса”. Альбом кабарэ-бэнда стаў лепшым па версіі народных экспертаў і Вялікага журы. Бенька называе падобную навіну “вельмі кранальнай і крыху сюрэалістычнай”.
Нешматслоўная Бенька
Статус “Лепшага рок-альбома” эксперты аддаюць “Не існуе” Akute. “Лепшы фолк-альбом”, на думку экспертаў, стварыў гурт “Палац”.
Стас Мытнік і Зміцер Падбярэзскі
“Я вельмі рады, што наш гурт складае сур’ёзную канкурэнцыю для маладых, таленавітых каманд. Я б сказаў, “мімімішных”, абаяльных, у сэнсе, каманд. І гэта мяне вельмі цешыць”, — заўважае Алег Хаменка.
Port Mone
“Прыз замежных экспертаў” сёлета дастаецца пласцінцы “Хмелева Project” сумеснага праекту гуртоў Port Mone і "ДахаБраха". Лідар Port Mone задаволены ўзнагародай і называе яе “найбольш аб’ектыўнай” з вышэй узгаданых, бо яна “выключае любыя палітычныя інтрыгі”.
Дарэчы, прыз ад замежных экспертаў сёлета ўручае літоўскі музычны аглядальнік Караліс Вішняўскас, вельмі задаволены 67 беларускімі альбомамі, створанымі ў 2012 годзе. Ён праслухаў іх усе!
Караліс Вішняўскас
Караліс Вішняўскас: “Я чакаў, што ваша музыка будзе нечым падобная да літоўскай, але крыху горшай. А апынулася, што яна падобная да літоўскай, але крыху лепшая”.
Яўген Далгіх і Sung Sattawood
Дарэчы, фаварытам Караліса стаў альбом “Tree” неіснуючых ўжо Sung Sattawood. Былы рэдактар “Джаз-квадрата” і вядучы музычных праграм на TUT.by Яўген Далгіх уручыў удзельнікам гурта свой уласны “прыз глядацкай сімпатыі”, назваўшы творчасць каманды “пазачасовай рок-музыкай на беларускай сцэне”. Праўда, цікавасць да гурта падчас цырымоніі і афтэпаці не робіць верагодным яго вяртанне на сцэну. Фронтвумэн Sung Sattawood Каця Вусава выключае падобнае развіццё падзей і думае пра новы праект. Спадзяемся, яго музыка апынецца ў намінантах Experty.by-2013.
Кіраўнік праекту Зміцер Безкаравайны
Таццяна Заміроўская
Зміцер Безкаравайны і народны эксперт Андрэй Сяркоў
P.S. Лепшы поп-альбом, як і ў мінулыя разы, эксперты вызначыць не здолелі.