“Хімію" Севярынца будуць распускаць?
Новых асуджаных у спецкамендатуру №7 не прывозяць, старажылы “сядзяць на валізах”.
Ад 100 чалавек перашапачатковай колькасці ў вёсцы Куплін зараз засталося толькі каля 40 “хімікаў”. Пра гэта Еўрарадыё распавёў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя Павал Севярынец.
Павал Севярынец: “Камендатуру, хутчэй за ўсё, будуць рассяляць — засталося чалавек 40 з той сотні, якая была. Там нейкія свае справы ў Дэпартамента па выкананні пакаранняў — казалі, што хімія вельмі дрэнная па ўмовах і трэба яе распускаць. Ну, і ўсе сядзяць на валізах”.
Па словах Севярынца, супрацоўнікі камендатуры ўжо складалі спіс: хто з асуджаных дзе працуе, кім, хто дзе можа спатрэбіцца. Каля 10 чалавек ужо нават накіравалі працаваць на МАЗ. І, кажа палітвязень, хадзілі размовы, што пэўную колькасць людзей могуць накіраваць на “Гомсельмаш”. Але ці трапіць ён пад гэта “перасяленне” ці свае 11 месяцаў будзе дапрацоўваць у Купліне, Севярынец не ведае.
Нагадаем, што Павал Севярынец быў асуджаны за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года на тры гады "хіміі". Адбывае пакаранне ён у спецкамендатуры №7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.
Фота — gazetaby.com