Увага! Прапаведуюць Ill Niño!
Дрэды-іракезы, барабанныя выкрутасы і заклікі да чалавечнасці — гэта лацінскі метал, дзеткі!
Пасля 4 гадоў расстання лацінаамерыканскія металісты Ill Niño зноў у Мінску. Першымі іх неспадзявана сустракае сталічны рок-клуб ТNT. Ну захацелася музыкам пагуляць увечары! Але ахоўнікі і адміністратары не “рубяць фішку” і дзейнічаюць па сваёй аднолькавай для ўсіх інструкцыі: “Месцаў няма!” Калі месцы ўсё ж знаходзяцца, дык “60 тысяч за ўваход”.
Што ж, музыкі Ill Niño робяць сціплы фінансавы ўнёсак у беларускую рок-індустрыю. Ну і ладна, яны добра бавяць час: знаёмяцца з дзяўчатамі, фатаграфуюцца (паспрабуй з такімі не сфатаграфавацца — вялікія, дрэдастыя, зататуяваныя, у пірсінгу ці з іракезамі), выпіваюць і амаль увесь час размаўляюць пра... геапалітыку. Абвастрэнне сітуацыі з Паўночнай Карэяй не дае спакою музыкам, якія амаль ўсе ўжо з’яўляюцца грамадзянамі Злучаных Штатаў.
“Цяпер у свеце зашмат страху і нянавісці, — наракае перад мікрафонам Еўрарадыё лідар гурта Крысціян Мачаду (Cristian Machado). — Паглядзіце на медыя: там толькі страх і нянавісць. Бойся таго, бойся гэтага. Ненавідзь гэтую краіну, бо там людзі не такія, як мы. Ненавідзь і тую краіну, бо там ёсць група людзей, якія ненавідзяць нас, таму мы іх усіх таксама будзем ненавідзець. Гэта ўсё няправільна”.
Не часта пачуеш ад металіста такія словы, але гэта лацінскі метал, дзеткі. Гэта значыць, што нягледзячы на крыкі са сцэны і брутальныя тэксты пра “смерць, смерць, смерць”, артысты вераць у чалавечнасць і любоў.
У гэтым упэўніваюцца наведнікі клуба “Re:Public”, дзе Ill Niño граюць праграму “La Epidemia” — у падтрымку шостага аднайменнага альбому.
Новую праграму прыходзіць слухаць каля паўтысячы фэнаў, яны прыязджаюць і з іншых гарадоў. Гэтай колькасці, па шчырасці, малавата для атмасфернасці ў “Re:Public”, але “хворыя дзеткі” учыняюць вясёлы слэм на паўтанцпола і ў секунды робяць эфект запоўненасці.
“Шчыра, у гэтым туры мы бачым вельмі шмат маладых, новых прыхільнікаў. — заўважае Крысціян Мачаду, які з гуртом ужо месяц катае “Эпідэмію” па Еўропе, — Магчыма, старыя нас ужо шмат разоў бачылі, або паспелі разлюбіць за некаторыя мінулыя альбомы, дзе, на мой погляд, мы былі не зусім праўдзівыя і згубілі сябе”.
Сапраўды, яшчэ падчас мінулага візіту ў Мінск (2009 год), музыкі казалі пра эксперыменты і магчымасць мяшаць метал з якім хіп-хопам і іншымі моднымі стылямі. А цяпер яны прапагандуюць ініцыятыву “быць сабой”. Маўляў, метал — жывы, а ўсё астатняе — камерцыйная лухта.
“Я веру ў метал, і я веру ў прагрэс металу, — кажа Мачаду — У нашым апошнім альбоме мы акурат паспрабавалі напісаць “правільныя песні”, якія сапраўды ад сэрца і якія шмат будуць для нас значаць, і ў якіх будзе пазітыўны мэсадж”.
Слова “пазітыў” тут дарэчы. Пасярод песень з вамі размаўляюць і вам дзякуюць, а не толькі пасылаюць збіраць “факі”. І вось мы бачым: Ill Nino ўсталёўваюць нейкую спірытычную сувязь з аўдыторыяй, трымаюць у гэтым стане людзей гадзіну і адпускаюць пад песню “Liar” і просьбу “заплюшчыць вочы і прыгадаць самы лепшы момант у жыцці”.
А пасля канцэрту, калі даводзіцца скокнуць у аўтамабіль з артыстамі, Крысціян Мачаду працягвае дыктаваць сваю пропаведзь, карыстаючыся эфірам Еўрарадыё:
“Я лічу, што людзі часам забываюцца пра тое, з чым яны нараджаюцца і паміраюць. І чаго ніхто ў іх не можа скрасці — гэта магчымасць усміхацца. Калі мы будзем думаць толькі пра негатыўныя рэчы, мы самі сябе зняволім. Чым больш мы кажам “палітыкі мусяць рабіць гэта, рэлігія мусіць рабіць тое”, тым больш мы забываемся, што для таго, каб быць шчаслівым, усё ж, нічога не патрэбна. Не патрэбныя TV, нафта, машына, грошы. Можа быць, толькі сэрца. І можна жыць пасярэдзіне джунгляў, разам з жывёламі, быць у сувязі з усім светам і быць шчаслівым”.
І, на ўсялякі выпадак дадае: “Магчыма, нашы маладыя фанаты гэтага цяпер не зразумеюць. Але калі пасталеюць і паслухаюць гэтае інтэрв’ю праз некалькі гадоў, скажуць: “Мэн, гэта ж праўда!”