J: Морс: “Мы вырашылі заняцца мэбляй!”

120419 Malina Puga4.mp3

“Для тых, хто проста прачытаў на афішы J: Морс і не заўважыў маленькае слова “акустыка” крыху ніжэй, патлумачу, што ў нас ёсць такая праграма, якую мы граем у пашыраным складзе з сябрамі і гасцямі. Эксперыментуем з жанрамі і робім усё, каб адхіліцца ад нашай асноўнай праграмы. Вось сёння вы трапілі менавіта на такі канцэрт, і давайце лавіць настрой разам!” – такім чынам Уладзімір Пугач распачаў акустычны сэт J: Морс.

 

Уладзімір прымае падарункі

Акустычную праграму фанаты гурта змаглі пачуць усяго ў другі раз – упершыню акустыку “Морсы” сыгралі ў тэатры Я.Купалы ў снежні 2009 года. Гэтым разам акустыка ад J: Морс супала з Днём нараджэння лідара гурта Уладзіміра Пугача. Вялікая зала к/з Мінск была амаль цалкам запоўненая – і гэта нягледзячы на тое, што за апошніх чатыры месяцы “Вясна-Красна” – ужо трэці вялікі сольны канцэрт каманды.

“Шчыра кажучы, я хваляваўся, ці зацікавіць каго-небудзь гэты выступ. Мы ўсіх перакармілі сваім матэрыялам. Але вам за такую любоў асаблівы рэспект, будзем выкладацца сёння як толькі можам”, - вяшчаў задаволены Пугач са сцэны.

Нечаканым “нумарам” акустычнай праграмы “Морсаў” стала сола бубнача гурта Кірыла Шавандо на тумбачцы! Такую своеасаблівую аранжыроўку атрымала песня J: Морс “Смотри”.

“Мы вырашылі заняцца мэбляй! – пракаментаваў нечаканы “паварот” падзеяў на сцэне Уладзімір. – Насамрэч, гэта шпакоўні ад Кірыла Шавандо! Падыходзім, набываем пасля канцэрту!” - у адказ загучалі гучныя апладысменты, ды нехта з залы нарэшце выкрыкнуў: “З Днём нараджэння, Валодзя!”

 

Цягам канцэрту сыграць разам з J: Морс на сцэну ўздымаліся Уладзімір Грама (акардэон), і Яўген Гаўрусеў (перкусія), Ігар Ляўчук (саксафон, флейта), струнны квартэт “Бланш” ды шмат іншых. Дзеянне на сцэне ўсё больш пахадзіла на вечарынку, чаму і музыкі, і гледачы былі невымоўна рады. У другім аддзяленні акустычны канцэрт зусім перастаў быць акустычным – тыя ж “Ледоколы” і “Мятное лето” гучалі цалкам сабе “электрычна”.

 

 

Адна з песень апошняга альбома гурта “Электричество”“Ангелы не спят” – атрымала для “Весны-красны” не толькі новую аранжыроўку, у ёй змяніўся і тэкст. Звязана гэта з будучым дакументальным фільмам, які гурт J: Морс здымаў яшчэ летам і зараз рыхтуе яго прэзентацыю. Галоўныя героі фільма – дзеці са спецыяльных установаў закрытага тыпу.

“Мы з імі пазнаёміліся, правялі разам некаторы час, зрабілі пра іх фільм, які, спадзяюся, хутка будзе гатовы, – распавядае гісторыю стварэння фільма Уладзімір Пугач. - І адным з відаў баўлення часу з імі было, развучыць песню і спець яе з дзіцячым хорам. Але для таго, каб зрабіць гэта, мне давялося адаптаваць тэкст і прыбраць некаторыя вобразы, якія зразумелыя толькі дарослым. Гэтым дзецям песня і прысвячаецца.”


Пасля канцэрту людзі доўга не разыходзіліся – чакалі аўтграф-сесію ад “Морсаў”, фоткаліся, прыносілі падарункі. Еўрарадыё пагутарыла з некаторымі фанатамі пад сцэнай і запісала віншаванні для Уладзіміра Пугача:

“Я заўважыла, напрыклад, што сёння, у Дзень яго нараджэння, з’явілася вельмі яркае сонейка,– адзначае адна з самых пастаянных прыхільніц "Морсаў" Вольга. - Мабыць, нехта яго не нябёсах вельмі любіць. Акрамя нашай вялікай любові прыхільнікаў, я думаю, нешта большае яго беражэ. Дай Божа, каб так было і далей і доўгіх гадоў жыцця, здароўя, творчасці, поспеху Валодзі!”




Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі