“Кабарэ ў квадраце”: Гэта не кан-кан, а вельмі глыбока, трагічна і страшна
“Серебряная свадьба” ўзнавіла на сцэне праграму, у якой арганічна жыве нямецкае і французскае кабарэ.
130319_mashka_serebranaja_sv.mp3
Тры месяцы запар музыкі гурта “Серебряная свадьба” “не вараць супы, не правяраюць у дзяцей урокі, а жывуць нечалавечым жыццём шматгадзінных рэпетыцый”. Вынік — музычны спектакль “Кабарэ ў квадраце”, які з аншлагам праходзіць у Палацы мастацтваў.
“У мяне ёсць заўсёды канструктыўная злосць наконт таго, што кабарэ адносіцца да жанру выключна забаўляльнага, павярхоўнага, мала інтэлектуальнага. І ўвесь час кан-кан, — абураецца Бенька, тлумачачы ідэю новай праграмы. — Таму мы хацелі паказаць кабарэ з усіх бакоў. Кан-кан у тым ліку. Але гэта не адзінае, што ёсць у кабарэ. Мулен Руж — гэта не узор кабарэ, а ўсяго толькі адна з формаў”.
“Кабарэ ў квадраце” ад “Серебряной свадьбы” супастаўляе нямецкае і французскае кабарэ, эпоха росквіту якіх прыйшлася на перыяд між дзвюма сусветнымі войнамі. Прычым Бенька і кампанія, да якой стала прымкнуў акцёр Аляксандр Казела, адкрываюць гледачам іншы бок жанру. Побач з весялосцю суседнічае драма, побач з лёгкасцю — глыбіня, побач з бестурботнасцю — страх.
“Я пачуў шмат сур’ёзна-чалавечых тэм, якія кранаюць пытанні жыцця і выжывання на гэтай зямлі. Тэма салдата і смерці мяне вельмі кранула”, — кажа ўсхваляваны Лёня Паўлёнак. Разам з ім мы захапляемся з’яўленнем ў стылістыцы “Серебряной свадьбы” новых фарбаў.
“Стылістыка, так, прыкольна, — пагаджаецца з Еўрарадыё Лёня. — Нешта такое электра-панкавае і дыска-панкавае разам з дакладнымі французскімі і нямецкімі традыцыямі. Ёсць і вядомыя песні, аранжыраваныя па-новаму”.
Праграму “Кабарэ ў квадраце” гурт Святланы Бень упершыню паказаў гледачам яшчэ ўвосень 2009 года. У 2010-м “канцэрт у двух аддзяленнях” з вялікім поспехам прайшоў на сцэне Купалаўскага тэатра. “Але тая пастаноўка змянілася літаральна на 100%, — тлумачыць Еўрарадыё дырэктар кабарэ-бэнда Саша Багданаў. — Іншыя дэкарацыі, касцюмы, іншыя сцэнічныя рашэнні, нават песні іншыя!”
Карацей, ад старой праграмы засталася толькі назва і ідэя. У “Кабарэ ў квадраце” “Серебряная свадьба” гучыць больш чым эклектычна. Побач з лёгкімі французскімі вальсамі, нямецкімі песенькамі і кампазіцыямі ўжо вядомымі прыхільнікам гурта жыве нетыповы для кабарэ-бэнда электра-панк і знарочыстая выяўленчасць. Уражвае спалучэнне музыкі і візуальных эфектаў у “Grauen Himmel”, “Сердце моё, океан”, і напрыканцы нечаканая знакамітая нямецкая песня “пра салдатаў” “Sag mir wo die Blumen sind”.
“Гэтая песня пра цыклічнасць жыцця, — абгрунтоўвае ідэю спектакля Бенька. — Пра тое, што нічога ніколі не знікае, а заўсёды адраджаецца. Што з’яўляюцца новыя кветкі, якія растуць і квітнеюць. І кабарэ не памірае ніколі. Гэты жанр заўсёды жывы, таму што ён належыць гэтай хвіліне і ўзнікае на аснове падзей, якія адбываюцца тут і зараз. Яго залатая эпоха мінавала, але ён дагэтуль запатрабаваны ў самым лепшым сэнсе слова — не ў папулісцкім — зараз мы вам жопу пакажам, а ў тым, што ён запатрабаваны душэўна людзьмі”.
"Сільвупле"
“Кабарэ ў квадраце” — грандыёзны, завадны, вясёлы і адначасова сумны спектакль, які можа з поспехам ісці на сцэнах Еўропы. Праўда, Бенька кажа, што ён разлічаны ўсё ж на тутэйшага, славянскага слухача. Бо на Захадзе і без таго ведаюць, што такое кабарэ. А вось у Маскве з “Кабарэ ў квадраце” змогуць пазнаёміцца ўжо 20 сакавіка.
Вальс Аляксандра Казелы і тэатразнаўцы Лізаветы Міхальчук
Ну як жа без бутэлькі рома?
“Sag mir wo die Blumen sind”