Каго прапануюць выкрасліць з “чорнага спіса” ЕС?

120202 Svjardlou Sankcyi.mp3

“Гэта нават не спіс, а шэраг катэгорый. Напрыклад, рэктары навучальных установаў — можа, было б варта зняць гэтых людзей са спісаў, бо мы кажам пра пашырэнне праграмаў у галіне адукацыі, пра тое, што беларуская сістэма адукацыі патрабуе рэформаў. А ўсё гэта можа даць толькі супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. Але ўсё гэта на ўзроўні прапановаў”, — разважае кіраўніца офіса “За дэмакратычную Беларусь” у Брусэлі Вольга Стужынская.

Тэлефоны Вольгі Стужынскай маўчаць. Відаць, надта зачапіла яе рэзкая рэакцыя на яе прапанову беларускіх дэмакратаў. Таму з тым, каго менавіта мелі на ўвазе ў офісе "За дэмакратычную Беларусь", журналістам Еўрарадыё давялося разбірацца самім.

У “чорным спісе” зараз 5 рэктараў беларускіх універсітэтаў. Рэктар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Мечыслаў Часноўскі не разважае пра тое, куды найперш паедзе, калі яму вернуць права на Шэнгенскую візу. Сэнсу ў існаванні “чоргана спіса” рэктар не бачыць:

Мечыслаў Часноўскі: “Пазбаўленне мяне права на выезд за мяжу па Шэнгенскай візе было глыбокай памылкай. Той, хто яго прымаў, папросту не ведаў, як яшчэ мне можна “насаліць”. Што тычыцца пераследу студэнтаў за іх погляды — я іх не пераследую”.

Па словах сп. Часноўскага, праз уключэнне ў “чорны спіс” ён прапусціў не менш як 5 сур’ёзных сустрэчаў за мяжой.

З іншых крыніц Еўрарадыё даведалася, што ў 25 асобаў, якіх выкрасляць са спісу, дакладна трапіць Міхаіл Пішчулёнак, былы старшыня ЦВК па Віцебскай вобласці. Выкрасліць сп. Пішчулёнка з гэтага спісу даўно пара, бо ён памёр.

“За мінулы год я прапусціла некалькі тысяч спасылак на адукацыйныя праграмы па тэме майго навуковага інтарэсу. Я магла б працягваць сваю адукацыю ў сферы гендэрнай тэорыі, сацыяльнай тэорыі, культуралогіі. Калі б у мяне была магчымасць, я, верагодна, падалася б куды-небудзь у дактарантуру”, — распавядае былы намеснік рэдактара газеты "Беларусь Сегодня" Ганна Шадрына. Яна таксама ў спісе.

Пакуль што спіс "шчасліўчыкаў" носіць, хутчэй, віртуальны характар. Прынамсі, у прыёмнай Іварса Годманіса, аднаго з дэпутатаў Еўрапарламента, які ўваходзіць у працоўную групу па Беларусі, ініцыятыве офіса “За дэмакратычную Беларусь” скараціць “чорны спіс” вельмі здзіўляюцца:

“Я магу сказаць, што ніякіх спісаў мы не бачылі. І на апошнім пасяджэнні, звязаным з Беларуссю, мы таксама гэтае пытанне не разглядалі. Думаю, што і дэпутат вам нічога іншага сказаць не зможа”.

Пра тое, што прапанова Вольгі Стужынскай выглядае, хутчэй, як “зандаж”, кажа і экс-старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі:

“Куды паеду ў выніку станоўчага адказу [на запыт аб атрыманні Шэнгенскай візы. — Заўв. Еўрарадыё], пакуль не ведаю. У такой сітуацыі дэтальнае планаванне, у тым ліку і адпачынкаў, не мае сэнсу. Што да службовых паездак, якія давялося прапусціць праз візавыя санкцыі, дык іх колькасць роўная нулю. Па-першае, на міжнародныя мерапрыемствы з 2006 года і да таго моманта, пакуль санкцыі былі перапыненыя, я ездзіў па нацыянальных візах. А па-другое, на момант узнаўлення санкцыяў я не займаў у Беларусі ніякіх афіцыйных пасадаў. І ў мяне не было неабходнасці выязджаць на сустрэчы і канферэнцыі ў ЕС, бо я займаюсь зараз выключна расійская унутрыпалітычнай праблематыкай”.

Уладзімір Пефціеў, якога ў “чорным спісе” рэкамендуюць як “асобу, набліжаную да Лукашэнкі і яго сям'і”, працягвае займацца бізнэсам. Але і яго Вольга Стужынская прапануе выкрасліць са спіса неўязных у Еўропу. Маўляў, бізнэсоўца-та за што?

Такім чынам, Еўрарадыё налічыла 9 чалавек, за вяртанне якім права ўезда ў Еўропу збіраецца хадайнічаць офіс “За дэмакратычную Беларусь”: 5 рэктараў, 2 былыя журналісты, 1 бізнэсовец і 1 памерлы чыноўнік. Яшчэ трое, верагодна, дзейсныя намеснікі Паўла Якубовіча, якія не займаюцца пытаннямі палітыкі. Хто астатнія 13, пакуль што невядома.

Фота: mytourstory.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі