Калі музыкі прыеліся ў Мінску і Магілёве, заўсёды можна з’ездзіць у Гомель!

Канцэртны падарунак на дзве з паловай гадзіны зноў зрабілі вашы любімыя аматары тусовак — Еўрарадыё і 34mag. Мы прывезлі ў Гомель тых, каго там так чакалі, а нават калі і не чакалі, то скакалі ад шчасця. Мы падазраём, гэта ўсё ад таго, што гурты былі не металічныя (металу, як вядома, у Гомелі занадта).

“Я прыйшоў выпадкова — прывяла мая каханая, бо яна разбівала хлопцам сэрцы! Калі шчыра, нам у Гомелі не хапае добрай музыкі, якая вучыць кахаць і сябраваць”, — падзяліўся матывацыяй адзін з сотні наведвальнікаў.

Другая з сотні аказалася прыхільніцай РСП. Цікава, дзе яна паспела ад іх зафанацець?

“Вельмі чакалі “РСП” — бо ў Гомелі яны ўпершыню, пэўна для Мінску яны прыеліся, але нам іх мала… Хочацца яшчэ!”

Гурты у сваю чаргу самі не чакалі такога прыёму ў Гомелі. Лічылі — прыедуць ціхенька, праспяваюць трошачкі ды паедуць дадому спакойненька. Але апынулася інакш… Напрыклад, не паспелі Akute зайсці ў клуб, як да іх адразу пачалі падыходзіць па аўтографы. А ў дадатак усе прысутныя гамельчукі падчас выступу гурта павіншавалі бубнача Паўла Філатава з Днём народзінаў.


“Мне здаецца, калі я сёння не з’еду, я вярнуся сюды… жыць! — кажа ў пачуццях гітарыст-вакаліст гурта “Разбітае сэрца пацана” Дзяніс Тарасенка. — Тут цудоўна, здорава! І горад вельмі прыгожы. Файная архітэктура, афігенныя пяціпавярховікі! Клас!”

А магілёўцы Аkute пасля выступу былі здзіўленыя. На пытанне: “Ці паўсюль гурт выклікаюць двойчы на біс?”, хлопцы пасмяяліся:

“Часцей выклікаюць тры! Ха-ха. Не, у Гомелі ўвогуле было ўсё крута! Дзякуй усім, хто прыйшоў на “РСП”, на Akute! Мы абавязкова прыедзем да вас яшчэ!”

А Еўрарадыё і 34mag абавязкова зладзяць яшчэ і яшчэ чоткіх вечарын. Толькі ўжо пасля Новага Году.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі