Канцэрт B:N ледзь не скончыўся з-за актыўнасці фанаў

111121 Rugajn BN.mp3

Бярозаўскі гурт :B:N: адзначыў сваё 12-годдзе вялікім канцэртам у клубе Re:Public. Нягледзячы на дастаткова юны ўзрост гурта, для многіх прысутных :B:N: - перш за ўсё, успаміны маладосці.


"Гэта пэўныя ўспаміны і таксама гэта такі класічны рок-н-рол. З сыходам “НРМ” і з тым, што “Крама” ў такім творчым песімістычным адпачынку, у нас мала такога ў Беларусі. А хочацца паслухаць менавіта такога класічнага рок-н-ролу", - кажа Андрэй, які прыйшоў на канцэрт з малым сынам.

На разагрэве :B:N: выступілі магілёўскія Akute


Музыкі выканалі 25 песень, з іх большасць – гэта старыя і ўсім вядомыя хіты. 


Кавер на "Ружу" Песняроў прысвечаны Мулявіну і народную "Канюшню" зацягвала ўся зала! Таксама :B:N: спелі 5 песень з новага альбома: "Выраю няма", "Праз туманы", "Іншы", "Крок за крокам". І напрыканцы праспявалі яшчэ адну новую песню, якая так і называецца "Напрыканцы".


Апошні альбом гурта “Жыве Рок-н-Рол” выйшаў у 2006 годзе. За гэты час :B:N: далі шэраг канцэртаў і ўзялі ўдзел у мностве фестываляў.


"Любому калектыву патрэбны прамежак. Ёсць чорная паласа, ёсць белая паласа. Вось хлопцы ў гэты прамежак рыхтавалі новы альбом. Я думаю, у іх усё атрымаецца, вы самі ўсё пачуеце і ўбачыце", - кажа Радыстка Кэт, якая запісала з гуртом Песню "Дажджамі".


Наступную пласцінку ад гурта, па словах вакаліста Алеся Лютыча, варта чакаць не раней за вясну 2012 года.


"У Мінску мы рэгулярна стараемся даваць па 2 канцэрты на год вясной і ўвосень. Чарга падышла, мы падрыхтавалі альбом да запісу, сёння сыгралі 5 песень з новага альбому, а са снежня пачынаем запіс. А калі ўдасца за снежань запісаць, тады выхад альбома на вясну".


Увесь канцэрт са сцэны ў натоўп пастаянна скокаў нейкі хлопец, але пад канец канцэрта вылезла з дзясятак чалавек, і ахова не вытрымала. Лідару гурта давялося папрасіць людзей сысці са сцэны.


"Танцы на сцэне - гэта традыцыя, такое амаль на ўсіх канцэртах, - кажа Алесь Лютыч. Галоўнае, каб не пашкодзілі апаратуру. Быў такі выпадак, калі скокаў чалавек і даў па мікрафоннай стойцы. І мне мікрафонам па зубах".


“Знакаміты” гук у клубе Re:Public Алесь Лютыч не пакінуў без каментарыя, але адразу прапанаваў выйсце, каб гук зрабіць больш якасным.


"Наконт гука скажу, што трэба даводзіць да розуму, бо гук лётае па зале. Трэба шмат людзей на канцэрце, каб прыглушалі гэта ўсё. А па энергетыцы сёння было вельмі цудоўна і драйвова".


Дарэчы, хлопца які разоў 15 за канцэрт скокаў са сцэны адзін раз не злавілі, такое падзенне скончылася лёгкай траўмай, але яго гэта не засмуціла:


"Страшна трохі, вось адзін раз няўдала прызямліўся і разадраў руку".


Канцэрт :B:N: не толькі прайшоў на “ура”, але і атрымаў шырокі розгалас у Інтэрнэце. Насамрэч, меў рацыю глядач: “Краме” ды “НРМ” вырасла годная змена. Хочацца пажадаць гурту шчаслівага творчага лёсу і новых хітоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі