Карманаў: Журналістыка стала небяспечнай, але павысіла свой ўзровень
Само ж узнагароджанне пераможцаў праходзіла ў амбасадзе Вялікабрытаніі ў Беларусі
Конкурс “Вольнае слова” “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ладзіць ужо чатыры гады. І гэтым разам удзел у ім узяла найбольшая колькасць аўтараў – 23 і было прадстаўлена 60 тэкстаў рознай тэматыкі і жанраў -- найбольшая колькасць за ўвесь час існавання ўзнагароды.
Між тым, старшыня БАЖ Жана Літвіна адзначыла, што сёння – самы складаны час для незалежнай журналістыкі за ўсе гады яе існавання.
Жана Літвіна: “Відаць, такога складанага і цяжкога года для журналістыкі, для вольнага слова, шчыра скажу, я на сваім жыцці не памятаю. За мінулы год мы сутыкнуліся з палітыкай улады ў дачыненні да нас вельмі жорсткай, вельмі помслівай. І сёння, на гэтай святочнай падзеі не могуць прысутнічаць пераможцы нашага конкурсу Ірына Халіп і Сяргей Вазняк”.
Ад пачатку арганізатары конкурсу “Вольнае слова” акрэслілі яго мэту – ўдасканаленне прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў друкаваных СМІ і інтэрнэт-выданняў, заахвочванне таленавітых журналістаў, стымуляванне іх дзейнасці ў адстойванні прынцыпаў прафесійнай журналістыкі і свабоды слова. Па словах кіраўніцы БАЖ, вынікі конкурсу паказваюць, што за працу незалежных журналістаў чырванець не даводзіцца.
Жана Літвіна: “За журналістаў, незалежных журналістаў Беларусі, сёння не сорамна. Кожны з вас, кожны з нас штодзённа на сваім працоўным месцы дэманстраваў сваю прыналежнасць да прафесіі, дэманстраваў сваю пазіцыю ў прафесіі. І гэта варта гонару, варта добрых слоў, добрых пажаданняў”.
А часовы павераны ў справах Вялікабрытаніі ў Беларусі Джым Казнс прызнаўся, далучыцца да правядзення “Вольнага слова” амбасаду прымусіла веданне таго, у якіх умовах даводзіцца сёння працаваць беларускім незалежным журналістам.
Джым Казнс: “Мы атрымлівалі інфармацыю і добра ведалі пра тыя складаныя абставіны, у якіх вам даводзілася працаваць. І мы добра ведаем пра тую мужнасць, якую вы праяўлялі ў сваёй працы”.
І, ведаючы журналістаў, папрасіў прадстаўнікоў СМІ хоць сёння не задаваць яму вострых і складаных пытанняў.
Што тычыцца пераможцаў, то спіс іх выглядае наступным чынам:
У намінацыі “Найлепшы інфармацыйны матэрыял” 1 месца атрымаў Руслан Гарбачоў з інтэрнэт-газеты “Салідарнасць”,
2 месца -- Сямён Печанко з газеты “Наша Ніва”,
3 месца -- Сяргей Вазняк, газета “Товарищ”.
У намінацыі “Найлепшая аналітычная інфармацыя” 1 месца – у Ірыны Халіп за матэрыял у “Новай газеце”, 2 – у Анастасіі Зелянковай з “Салідарнасці”,
3 – Сяргея Нікалюка з “Новага часу”.
Першае месца ў намінацыі “Найлепшая публікацыя літаратурна-мастацкага жанру” заняла Марыя Мартысевіч за артыкул у “Новым часе”, 2 – Сяргей Макарэвіч з “Нашай Нівы”, 3 месца падзялілі Вольга Хвоін з “Новага часу”
і Анатоль Гатоўчыц за артыкул у часопісе “Абажур”.
Пераможцам у намінацыі “Журналісцкае расследаванне” стаў журналіст “Звязды” Яўген Валошын,
2 месца – у Марыі Эйсмант з “Народнай волі”, узнагароду якой атрымаў галоўны рэдактар выдання Іосіф Сярэдзіч.
Як прызнаўся Еўрарадыё старшыня журы конкурсу Юрась Карманаў, з-за вялікай колькасці прадстаўленых прац, у асобных намінацыях вызначыць пераможцаў было складана. І сябры журы доўга спрачаліся. У іншых – лідары былі відавочныя. І зрабіў нечаканую выснову: журналістыка ў нашай краіне стала небяспечнай прафесіяй, але гэта павысіла прафесійны ўзровень журналістаў.
Паглядзець матэрыялы пераможцаў можна тут.
Фота: Змітра Лукашука