Алег Хаменка вярнуўся да казак. Толькі гэтым разам для дарослых

111104 Malina Kazki.mp3

Алег Хаменка, аўтар праекту “Беларускія народныя казкі для дзетак”, распавёў казку для дарослых. Цягам 50 хвілін аматары казак слухалі гісторыю пра салдата, які рушыў дадому, адслужыўшы 25 гадоў у войску, але так і не пабачыў сваіх бацькоў. На яго долю выпалі дзіўныя выпрабаванні, прыгоды і сустрэча з панамі-лекарамі, якая змяніла яго жыццё.

Алег Хаменка: “Пасядзелі яны, нешта пагаварылі. А тады той, што па левай руцэ сядзеў, падышоў і дунуў — і царская дачка зраслася. Тады дунуў другі раз — і быццам бы яна задыхала. А тады дунуў трэці раз — і паднялася яна вясёлая гэткая, была яна прыгожая, а стала яшчэ прыгажэй”.

Наглядзеўшыся на цуды дактароў, хітры салдат вырашыў і сам “лячыць” людзей і такім чынам зарабляць сабе на жыццё.

Алег Хаменка: “Дзе тая дарога дадому? Дзе той шлях? Не тое што збіўся — увогуле пазабыўся, ці ісці яму куды трэба. А потым яго яшчэ перанялі, абрабавалі, і грошай не засталося. І таму, што здарожыўся, ён зайшоў увогуле ў нейкае каралеўства. Але прыйдзе ў які двор заезны, і гаворыць, што ён лекар”.

Хітрасць ды сквапнасць новаспечанага “лекара” да дабра яго не давяла: праз здзелку са смерцю, падман самога Бога ды гульні з чарцямі застаўся герой казкі адзін, ні жывы, ні мёртвы, паміж небам і зямлёй. Абяцаныя Алегам Хаменкам сто сэнсаў прымусілі слухачоў задумацца.

Наведвальніца: “Як у любой казцы, ёсць заўсёды нейкае адкрытае пытанне, ёсць рэчы, якія зразумелыя… Гэта казка. Яна заўсёды нечаму вучыць”.

Еўрарадыё запыталася ў наведвальнікаў “Казачнай акустыкі” пра іх любімыя казкі. Самы юны слухач Раман, які смела праслухаў крывавую казку пра салдата, любіць казкі Андэрсана і Шарля Перо.

Раман: “У мяне самая любімая казка — гэта “Крэсіва”, яна мне вельмі падабаецца. Яшчэ я люблю казку “Чырвоны капялюшык”.

Вікторыя, маці Рамана, аддае перавагу англійскім казкам.

Вікторыя: “Ёсць англійскі пісьменнік, на жаль, я зараз забыла на яго імя, але я вельмі люблю гэтыя казкі чытаць дзецям. У іх ёсць філасофія, што ў жыцці любыя праблемы можна вырашыць дастаткова лёгка, і не трэба гэтыя праблемы ствараць. І ўвогуле, па жыцці да ўсяго трэба ставіць з лёгкасцю і па-філасофску”.

Бацька Рамана, Дзяніс, любіць беларускія народныя казкі.

Дзяніс: “Звычайна мне бацька чытаў “Іван — сялянскі сын”. Па ўсім відаць, у кожнай сям’і была такая таўшчэзная кніжка “Беларускія народныя казкі”, вось адтуль, мне, пэўна, болей і запомнілася. А яшчэ таксама мне запомнілася казка ў выкананні Алега Хаменкі “Бык і ваўкі”. Вось гэтую казку вельмі люблю: яна простая і з такім простым філасофскім народным гумарам".

Дапамагаў Алегу Хаменку баяць казку пра салдата гурт “Палац”. Праўда, музыкі гралі крыху незвычайную для сябе музыку — блізкія да традыцыйных вальсы, маршы, полькі. Хочацца спадзявацца, што любімая казка Алега Хаменкі аднойчы сапраўды стане спектаклем ці мультфільмам. А гурту “Палац” — параіць запісаць альбом полек, вальсаў ды маршаў: старадаўняя танцавальная музыка, адаптаваная для сучаснікаў, нам ой, як патрэбна!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі