Кіркораў і Рудкоўская хочуць заняцца беларускім удзельнікам Еўрабачання
Але пакуль свае заяўкі на адборачны тур даслалі толькі 13 артыстаў.
Ужо амаль два тыдні ідзе прыём заявак на ўдзел у адроджаным "Еўрафэсце" – нацыянальным адборы на конкурс "Еўрабачанне". Але спевакі ды спявачкі неяк не спяшаюцца прадставіць нашу краіну на міжнародным песенным конкурсе. На гэты момант на адрас "Белтэлерадыёкампаніі" прыйшло толькі 13 заявак. Імёны артыстаў пакуль трымаюцца ў сакрэце.
"Не адкрываў, не глядзеў, не ведаю, – тлумачыць старшыня "Еўрафэста" Аляксандр Ціхановіч. – Будзем ускрываць канверты потым, у нас такое правіла. Да 25-га лістапада ў нас набор, хоць, думаю, што мы яго ўсё ж падоўжым".
А вось кіраўнік праекта ад "Белтэлерадыёкампаніі" Дзмітрый Баранаў перакананы, што сёлетняя актыўнасць патэнцыйных удзельнікаў нацыянальнага адбору вельмі высокая. Нават з-за мяжы прыходзяць заяўкі, праўда, толькі ад аўтараў песень.
"Па правілах "Еўрафэста" гэтага года, у ім браць удзел можа грамадзянін Беларусі, ці асоба без грамадзянства, але якая пастаянна жыве на тэрыторыі нашай дзяржавы, – тлумачыць Дзмітрый Баранаў. – А вось тое, што тычыцца аўтараў твораў, то тут можа быць абсалютна любы грамадзянін. І ў нас сапраўды ёсць некалькі цікавых заявак ад грамадзян Бельгіі, Грэцыі, Украіны, Расіі і яшчэ некалькіх краін".
Адна з самых актыўных удзельніц адбору на "Еўрабачанне", спявачка з азербайджанскімі каранямі Гюнэш Абасава пакуль яшчэ заяўку не падавала. Але прызналася, што ідэя паспрабаваць прабіцца ў Баку ёсць. Канчаткова яна вырашыць на наступным тыдні. А вось яшчэ адзін ветэран нацыянальнага адбору, гурт Litesound, ужо ў шосты раз (!) паспрабуе прарвацца на Еўрабачанне ад Беларусі.
"У нас ужо ёсць песня, якую мы з задавальненнем прэзентуем на "Еўрафэсце", – дзеліцца планамі вакаліст гурта Зміцер Каракін. – Гэта будзе рокавая песня ў стылі Litesound. Я пакуль не хачу раскрываць сакрэты, бо спачатку трэба прайсці адборачны тур, а ўжо потым паказаць гэтую песню. Дарэчы, мы яе яшчэ нікому не паказвалі, яна запісаная і ляжыць у нас дома".
На ўсіх "Еўрафэстах" хлопцы займалі ў фінале другое месца, толькі адзін раз трэцяе. Таму зараз музыкі спадзяюцца на перамогу, хоць і разумеюць, што прадказаць вынікі фіналу немагчыма.
Дарэчы, ужо зараз да беларускіх куратараў адбору звяртаюцца замежныя прамоўтары з прапановай сваёй дапамогі. Але пакуль ні з кім дамова не падпісаная, бо яшчэ невядома, хто стане прадстаўніком краіны на "Еўрабачанні".
"Калі мы адбяром афіцыяльнага прадстаўніка краіны на конкурс, а гэта адбудзецца ў фінале праекта ў сярэдзіне студзеня, тады мы ўжо будзем адрасна звяртацца да спецыялістаў, – распавядае прадстаўнік "Белтэлерадыёкампаніі" Дзмітрый Баранаў. –Тады мы ўжо будзем разумець нашы патрабаванні да гучання песні ды нумара. Але хачу сказаць, што да нас прыходзілі ўжо прапановы і ад Філіпа Кіркорава, і ад Яны Рудкоўскай, мы знаходзімся з імі на сувязі. Але канкрэтнае рашэнне будзе толькі тады, калі мы будзем разумець, хто прадставіць краіну на "Еўрабачанні-2012".
Нагадаем, што журы адбярэ ўдзельнікаў "Еўрафэсту" не пазней за 5-га снежня, а фінал конкурсу адбудзецца ў студзені. Сам фестываль "Еўрабачанне" сёлета пройдзе ў сталіцы Азербайджана, у горадзе Баку з 22-а па 26-а траўня 2012 года.
Фота: vvk-agency.ru